БРАТЫСЛАВА. Новым дырэктарам славацкай спэцслужбы будзе былы мінстар унутраных справаў Ладзіслаў Пітнер. Ён займае гэтую пасаду пасьля былога кіраўніка Уладзімеры Мітры, які мусіў пайсьці ў адстаўку ў сувязі з патрабаваньнямі НАТА. Напрыканцы мінулага году ў адмысловых часопісах зьявілася інфармацыя пра шчыльныя дачыненьні славацкіх спэцслужбаў з расейскім ФСБ, а таксама пра ўдзел славацкіх спэцслужбаў у міжнародным гандлі зброяй і перасьледу некаторых славацкіх палітыкаў. Гэнэральны сакратар НАТА Джордж Робэртсан, які наведаў Славаччыну, сказаў, што краіны альянсу вельмі занепакоеныя нэгатыўнай інфармацыяй наконт славацкіх спэцслужбаў, што можа адбіцца на галасаваньні ў пытаньні далучэньня Славаччыны да НАТА. Ладзіслаў Пітнер – вядомая ў дысыдэнцкіх колах асоба. Ён быў старшынём Канфэдэрацыі палітычных вязьняў і сам правёў пэўны час у турме за крытыку сацыялістычнага ладу.