БРУСЭЛЬ. Эўразьвяз распачынае сваю першую вайсковую апэрацыю. Узброеныя сiлы Эўразьвязу пераймаюць ад NATO мiратворчую апэрацыю ў Македонii, у якой бяруць удзел больш за 300 вайскоўцаў. Камандаваць апэрацыяй будзе нямецкi адмiрал Райнэр Файст, якi адначасна ёсьць намесьнiкам галоўнага камандуючага сiламi NATO ў Эўропе. На чале лёгка ўзброеных 300 мiратворцаў з 27 краiнаў будзе францускi генэрал.
Хаця колькасьць вайскоўцаў i невялiкая, i апэрацыя абмежаваная шасьцю месяцамi, яна будзе важным выпрабаваньнем для сiлаў хуткага рэагаваньня Эўразьвязу. Эўразьвяз пераняў ад ААН мiсiю палiцэйскiх сiлаў у Босьнii i абмяркоўвае магчымасьць узяць на сябе мiратворчую мiсiю ў Босьнii, якую цяпер выконваюць сiлы NATO. Прадстаўнiкi Эўразьвязу таксама кажуць пра магчымасьць мiсiяў у Афрыцы i Малдове.