ЛЁНДАН. Прэм’ер-мiнiстар Вялiкай Брытанii Тонi Блэр кажа, што важная задача для каалiцыйных сiлаў – дайсьцi да Багдаду як мага хутчэй. Блэр паведамiў сёньня брытанскаму парлямэнту, што амэрыканскiя войскi знаходзяцца прыкладна ў 100 кiлямэтрах на поўдзень ад iрацкай сталiцы i рухаюцца далей на поўнач. Паводле Блэра, хутка павiнныя адбыцца баi зь Ірацкай Рэспублiканскай гвардыяй.
Блэр таксама сказаў, што паўдзённы iрацкi горад Басра ўзяты ў аблогу, а порт Ум Каср знаходзiцца пад кантролем за выняткам некалькiх зонаў супрацiву. Паводле Блэра, сярод задачаў у паўночным Іраку – абарона курдаў i нафтавых аб’ектаў.
(Блэр: ) “На поўначы нашая мэта – абаранiць людзей у курдзкай аўтаномнай зоне, кантраляваць паўночныя нафтавыя радовiшчы i гарантаваць, каб поўнач ня стала базай для супрацiву Садама”.
Камандуючы каалiцыйнымi сiламi, амэрыканскi генэрал Томi Фрэнкс, кажа, што ягоныя войскi дасягнулi хуткага прагрэсу ў апошнiя некалькi дзён. Фрэнкс паведамiў, што захоплена каля 3 тысячаў iрацкiх палонных. Ён сказаў, што каля дваццацi амэрыканскiх вайскоўцаў забiтыя цi зьнiклi бязь вестак.