ГРОЗНЫ. У Чачні сёньня пройдзе ініцыяваны Крамлём, у якасьці кроку да міру, рэфэрэндум. Удзельнікі галасаваньня павінны будуць адказаць на пытаньне ці прыймаюць яны Канстытуцыю, якая абвяшчае іхную рэспубліку неад’емнай часткай Расейскай Фэдэрацыі. Расейскі прэзыдэнт Владзімір Пуцін, у выпадку станоўчых вынікаў галасаваньня, абяцае Чачні шырокую аўтаномію й фінансавую дапамогу. У рэспубліцы ўжытыя ўзмоцненыя захады ў бясьпецы. Прэзыдэнт Аслан Масхадаў адхіліў рэфэрэндум і заявіў, што толькі простыя перамовы з Крамлём могуць спыніць кроў у рэспубліцы. Масква адмаўляецца ад перамоваў і спадзяецца, што рэфэрэндум падарве ўладу Масхадава. За некалькі гадзінаў да рэфэрэндуму, 46 паўстанцаў у Грозным склалі зброю. Галасаваньне пачнецца а сёмай гадзіне раніцы ў пераліку на менскі час. Вынікі чакаюцца заўтра раніцай.