ПРАГА. Раённы суд у Празе сёньня наклаў штраф у 30 тысячаў чэскiх крон (гэта прыкладна тысяча даляраў) на расейскага прадпрымальнiка Дзьмiтрыя Купцова. Летась Купцоў выставiў у Інтэрнэце зварот з заклiкам дасылаць грошы на ягоны рахунак, нiбыта каб дапамагчы ахвярам паводкi ў Чэхii. Суд палiчыў гэта спробай махлярства. Паводле выраку, калi Купцоў не заплацiць штраф, ён можа правесьцi восем тыдняў у турме.
Сам Купцоў кажа, што не зьбiраўся пакiдаць грошы сабе, але хацеў перадаць iх пацярпелым ад паводкi. Ён кажа, што тэкст звароту на ангельскай мове быў у асноўным разьлiчаны на заходнiх спонсараў. Паведамляецца, што грошай на рахунак Купцова нiхто так i не пералiчыў.