КІЕЎ. Больш за 10 тысячаў чалавек сабраліся сёньня ў Кіеве на дэманстрацыю супраць прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Сярод арганізатараў дэманстрацыі былі як камуністы і сацыялісты, гэтак і правацэнтрысцкія партыі. Усе яны вінавацяць Кучму ў карупцыі і злоўжываньні службовым становішчам. Нягледзячы на афіцыйную забарону, дэманстрацыя прайшла мірна.
Апошнім часам украінская апазыцыя ўзмацніла ціск на Кучму, патрабуючы ягонай адстаўкі. Дзясяткі тысячаў людзей бралі ўдзел у «анты-кучмаўскіх» дэманстрацыях па ўсёй Украіне.
У мінулым месяцы Злучаныя Штаты заявілі, што Кучма ў свой час ўхваліў продаж Іраку радарнай сыстэмы «Кальчуга» насуперак санкцыям ААН. Кучма адкідае гэтае абвінавачваньне. Заўтра ва Ўкраіну прыбываюць амэрыканскія і брытанскія экспэрты, каб на месцы правесьці ўласнае расьсьледваньне.