АНКАРА. Турэцкі суд сёньня замяніў сьмяротны вырак курдзкаму лідэру Абдулаху Аджалану на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Гэтае рашэньне было прынятае пасьля таго, як турэцкі парлямэнт скасаваў сьмяротнае пакараньне ў адказ на патрабаваньні Эўразьвязу.
Аджалан быў асуджаны да сьмерці ў 1999 годзе. Ён быў абвінавачаны ў здрадзе. Аджалан стаяў на чале курдзкай рабочай партыі, якая цягам апошніх пятнаццаці гадоў змагалася за рэгіянальную аўтаномію курдаў у Турэччыне. Турэцкі парлямэнт таксама надаў большыя правы курдам, у тым ліку права на вяшчаньне і навучаньне ў роднай мове. Эўрапейскі зьвяз вітаў прапанаваныя рэформы, але папярэдзіў, што іх трэба ажыцьцявіць перш чым Турэччына зможа далучыцца да Эўразьвязу.