[ 03:18 ]  Каля 25 тысячаў чалавек сёлета сталі ахвярамі прыродных катастрофаў

МЮНХЭН. Каля 25 тысячаў чалавек сёлета сталі ахвярамі прыродных катастрофаў. Пра гэта паведаміў дырэктар Мюнхэнскага цэнтру дасьледаваньняў глябальных рызыкаў і катастрофаў Гэрхард Мэрц. Паводле яго, рэальная лічба загіблых, магчыма, яшчэ большая, паколькі зьвесткі пра ахвяры буйнейшага землятрусу на пачатку гэтага году ў Індыі не зьяўляюцца поўнымі. Паводле інфармацыі страхавых кампаніяў, сёлета ў сьвеце было зафіксавана амаль 700 прыродных катастрофаў – на 150 меней, чым летась. Тым часам, у Ліме пэруанскі прэзыдэнт Аляксандра Таледа паведаміў, што паводкі ў Пэру, выкліканыя моцнымі дажджамі ў раёне Амазонкі, сталі прычынай пагібелі шасьці чалавек. Бяз даху над галавой засталіся каля 20 тысячаў чалавек.Ад моцных дажджоў Амазонка выйшла зь берагоў на паўночным усходзе ад сталіцы Пэру.