[ 17:33 ]  Прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас сёньня адхіліў патрабаваньне Эўрапейскага Зьвязу закрыць Ігналінскую атамную электрастанцыю да 2009 году.

Пасьля сустрэчы з групай, якая працуе над пытаньнямі закрыцьця Ігналінскае АЭС, Бразаўскас заявіў, што закрыцьцё станцыі ў гэты тэрмін не задаволіць літоўскі ўрад. Літва ўжо забавязалася закрыць першы з двух рэактараў у Ігналіне да 2005 году, і плянавала ў 2004 годзе прыняць рашэньне пра спыненьне другога. Аднак прадстаўнікі Эўразьвязу папярэдзілі, што Літва ня зможа скончыць перамовы пра сваё ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз у наступным годзе, пакуль не прыме рашэньне пра поўнае закрыцьцё рэактару. Іганлінская АЭС вырабляе 70 адсоткаў электраэнэргіі Літвы, аднак Эўразьвяз лічыць два рэактары станцыі чарнобыльскага тыпу нябесьпечынымі паводле канструкцыі.