КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 31 ТРАЎНЯ

Ул. інф.

Cьпярша – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

30 траўня ў 1221 годзе нарадзіўся расейскі князь Аляксандар Неўскі, пераможца крыжакоў у так званым Лядовым пабоішчы. Мала хто ведае, што Аляксандар Неўскі быў зяцем полацкага князя Брачыслава. Гэты факт згадваецца ў беларускай гісторыі ў зьвязку з паходжаньнем герба Пагоня. Гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў піша, што, “Найбольш раньнія выявы Пагоні захаваліся якраз на пячатках Аляксандра Неўскага, які яшчэ Неўскім у той час ня быў. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што на гэтыя пячаткі Пагоня трапіла пасьля 1239 году, калі Аляксандар узяў шлюб з полацкай князёўнай Параскевай, шукаючы ў Полацку падтрымкі ў змаганьні са швэдамі й крыжакамі”.

А яшчэ 30 траўня сьвяткуе свой дзень народзінаў Вітаўт Кіпель, беларускі гісторык і грамадзкі дзяяч, найлепшы знаўца беларускае эміграцыі ў ЗША. Нарадзіўся спадар Вітаўт у Менску ў 1927 годзе.

Падзеі гісторыі 30 траўня мелі часьцяком драматычны характар. Менавіта ў такі дзень быў спалены на вогнішчы чэскі рэлігійны рэфарматар Еранім Праскі, якога зьвінавацілі ў ерасі. Таксама 30 траўня толькі праз 15 гадоў гарэла на вогнішчы гераіня францускай гісторыі Жана Д’Арк. Нарэшце, зусім нядаўна, 30 траўня 1999 году ў Менску адбылася трагічная цісканіна на станцыі мэтро “Няміга”, калі загінулі 53 чалавекі.

А зараз – сёньняшні каляндар.

31 траўня 1800 году пакінуў гэты сьвет Міхал Казімір Агінскі – адзін з найбольш выбітных дзеячоў беларускае гісторыі. Нейкі час ён быў кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, пасьля змагаўся з расейскім захопам беларускіх земляў. Гэта ягонае трохтысячнае войска пацярпела паразу ад арміі Аляксандра Суворава ў вядомай бітве пад Сталавічамі. З імем Міхала Казіміра Агінскага зьвязана мноства прыкметнасьцяў Слоніма, дзе ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, заснаваў друкарню і тэатар. З ініцыятывы і на сродкі Міхала Казіміра пабудаваны знакаміты Агінскі канал.

31 траўня 1863 году царскія карнікі арыштавалі аднаго зь лідэраў антырасейскага паўстаньня Аляксандра Аскерку. Паходзіў Аскерка з маёнтку Рудакоў у цяперашнім Хойніцкім раёне. Ён – адзін з распрацоўнікаў зямельнае рэформы, якую меркавалі ажыцьцявіць паўстанцы. Ён жа – выдавец беларускага лемантара-катэхізму. Пасьля таго арышту 31 траўня Аскерку саслалі ў Сыбір. Вярнуўшыся, ён жыў у Вільні, а пахаваны ў Відзах цяперашняга Браслаўскага раёну.

Сёньня сьвяткуе свае народзіны вядомая пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, аўтарка кніг “У вайны не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”.