“VELCOM” СТВАРЫЎ БЕЛАРУСКАМОЎНУЮ ВЭРСІЮ

Юры Сьвірко, Менск

Выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара супольнага прадпрыемства “Мабільная лічбавая сувязь”, якое працуе пад ангельскамоўнай гандлёвай маркай “Velcom”, заявіў, што “запуск беларускай вэрсіі сайту — гэта плянавы, стратэгічны крок кампаніі”. Мікалай Юшкевіч падкрэсьліў, што “Velcom” — гэта беларускі апэратар сотавай сувязі, таму ён рады даць абанэнтам магчымасьць атрыманьня афіцыйнай і даведачнай інфармацыі на беларускай мове.

Аднак у “Velcom” Беларускай Свабодзе патлумачылі, што гэтая заява тычыцца толькі сайту кампаніі. Перавод аддзелу абслугоўваньня на беларускую мову не плянуецца, гэтаксама як і запісаныя гукавыя паведамленьні аўтаматычнай службы сэрвісу, якая па-ранейшаму будзе працаваць толькі на расейскай і ангельскай мовах.

Сам спадар Юшкевіч прызнае, што апытаньне карыстальнікаў інтэрнэт-старонкі “Velcom” і шматлікія звароты на адрас кампаніі сьведчаць пра неабходнасьць і своечасовасьць увядзеньня беларускай мовы.

На абноўленым сайце фірмы “Velcom” цяпер можна падпісацца на рассылку навінаў і прэсавых рэлізаў па-беларуску. Раней “Velcom” ужо выкарыстоўваў часам беларускую мову, ладзячы рэклямныя акцыі, каб адрозьнівацца ад свайго галоўнага канкурэнта — МТС. Аднак і прадстаўнікі МТС на апошняй прэсавай канфэрэнцыі заявілі пра магчымасьць выкарыстаньня беларускай мовы.

Беларуская вэрсія сайту velcom.by