ЦІ ЗЬМЯНІЛАСЯ СТАЎЛЕНЬНЕ ДА ЗША ПАСЬЛЯ СКАНДАЛУ ВАКОЛ ІРАЦКІХ ПАЛОННЫХ?

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

(Карэспандэнтка: ) “Сталі вядомыя факты жорсткага абыходжаньня амэрыканскіх салдатаў з ірацкімі ваеннапалоннымі. Як вы мяркуеце, ці паўплывала гэта на стаўленьне беларусаў да Амэрыкі і амэрыканцаў?”

(Спадар: ) “Я мяркую, што так”.

(Карэспандэнтка: ) “У які бок паўплывала?”

(Спадар: ) “У горшы. Таму што нельга гэтак рабіць. Хоць гэта і далёка, аднак, мне падаецца, што існуе Жэнэўская канвэнцыя, якая вызначае правы і абавязкі ваеннапалонных. Тут яны былі яўна парушаныя”.

(Карэспандэнтка: ) “І вашае асабістае стаўленьне да амэрыканцаў зьмянілася?”

(Спадар: ) “Не да амэрыканскага народу, а да тых людзей, якія гэта рабілі”.

(Спадарыня: ) “Па-мойму, там ёсьць частка амэрыканцаў, гэта на тэлебачаньні паказваюць, якая таксама абураная гэтымі ўчынкамі. Пра ўсіх з гэтага ўчынку меркаваць нельга”.

(Спадарыня: ) “Кожная краіна мае рабіць так, як лічыць патрэбным. Тут са сваім бы разабрацца, як рабіць. А асуджаць?.. Складана адказаць на гэтае пытаньне. Я лічу, што наўрад ці. У мяне асабіста ніякае меркаваньне не зьмянілася”.

(Спадарыня: ) “Усё ж такі твар амэрыканцаў стаў нам яшчэ больш зразумелы. Таму што палітыка ў іх такая: што яны лепей за ўсіх, што яны больш разумныя за ўсіх. Вось цяпер свой твар яны і паказваюць”.

(Спадарыня : ) “Каго ж жорсткасьць упрыгожвае? Нікога”.

(Спадарыня: ) “Якая ў іх была псыхалёгія, такая і засталася. У іх вока за вока, зуб за зуб. Я ўчора слухала навіны. Камэнтатар перадаў, што яны патрабуюць помсты за тое, што забілі чалавека тэрарысты”.

(Спадарыня: ) “Мы ўжо столькі чуем пра жорсткасьць, і часам проста ня верыцца, што гавораць на тэлебачаньні”.

(Спадар: ) “На сёньняшні дзень, я вам так скажу, радыё і тэлебачаньне не заўсёды аб’ектыўныя. Я проста шмат перадачаў гляджу Беларускага тэлебачаньня і не ўсяму веру, што там гаворыцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі як да амэрыканцаў ставіцеся, у нас пра іх шмат чаго дрэннага гавораць?”

(Спадар: ) “Нельга ставіцца да людзей прадузята”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што мы жывем усё горш і грош. І калі гэта пачынаецца вуалявацца стаўленьнем Амэрыкі да нас, гэта проста ўжо камічна ўспрымаецца”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што стаўленьне людзей да амэрыканцаў ужо даўно зьмянілася ня ў лепшы бок. Амэрыка залішне стала сабе дазваляць і вельмі вольна распараджаецца лёсам многіх людзей, якія жывуць у такіх краінах, як Ірак”.

(Спадар: ) “Адносіны паміж народамі не павінны псавацца. Калі там ёсьць кучка нейкіх дрэнных людзей, то зносіны не павінны з-за гэтай кучкі псавацца”.

(Спадар: ) “Я лічу, што стаўленьне не зьмянілася, бо людзі нашы ў большасьці эгаісты, і калі бы гэта датычылася Беларусі, то, магчыма, меркаваньне мянялася бы. А тое, што датычыцца Іраку, я мяркую, нас проста не цікавіць”.

(Спадар: ) “Чалавек чалавека павінен любіць і паважаць, а ня зьдзекавацца зь яго”.

(Спадар: ) “Канечне, на жыхарах Беларусі гэта не адбіваецца, аднак у сьвеце адчуваецца. Вайна ёсьць вайна”.

Магілёўцы выказвалі свае меркаваньні наконт таго, ці зьмянілася стаўленьне людзей у Беларусі да ЗША пасьля таго, як сталі вядомыя факты пра жорсткае абыходжаньне амэрыканскіх салдатаў да ірацкіх палонных.