У ВІЦЕБСКУ ЗЬЯВІЛАСЯ МУЗЫЧНАЯ ЛАЗЬНЯ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Віцябляне дагэтуль згадваюць, як у часе падпісной кампаніі супрацоўнікі дзяржаўнай газэты “Віцьбічы” арганізавалі бясплатны праезд у тралейбусе, дзе замест кандуктара працавала паштарка, гатовая аформіць падпіску ўсім ахвотным. Усё гэта адбывалася яшчэ і пад гармонік — у тым самым тралейбусе езьдзілі яшчэ двое самадзейных артыстаў, якія сьпявалі прыпеўкі, кшталту: “Вельмі добрая газэта, я люблю яе за гэта!”

Што да іншых рэклямных захадаў, то былі і больш традыцыйныя, як, да прыкладу, дэгустацыя марозіва пад “выхавальна-дыдактычным” назовам “Ліза-падліза”, і зусім нетрадыцыйныя — як міжнародны конкурс “Раскажы пра сябе”, што праводзіла тутэйшае абутковае прадпрыемства “Белвест”. Сутнасьць апошняе акцыі была такая: у кожную пару новага абутку ўкладалася анкета, якую трэба было запоўніць ды адаслаць на віцебскі адрас. І паколькі абутак “Белвесту” прадаецца і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў Латвіі, то конкурс аўтаматычна займеў статус міжнароднага. Пытаньні ў анкеце былі розныя: як прысьвечаныя гісторыі “Белвесту”, так і асабістага характару — “Які колер вам падабаецца?” У выніку шасьцёра ўдзельнікаў конкурсу атрымалі яшчэ пару абутку кожны, прычым выбару асаблівага ў іх не было, астатнім дасталіся календары ды іншыя сымбалічныя прызы.

Дарэчы, з 10 тысяч надрукаваных анкетаў запоўненымі вярнуліся толькі 700, і зваротныя адрасы былі пераважна беларускія — з гэтых фактаў можна лёгка зрабіць выснову пра тое, наколькі “запатрабаваны” гэты абутак. У часе лятарэі прадстаўнікі прадпрыемства адкрыта гаварылі пра тое, што гэтая рэклямная акцыя скіраваная на падвышэньне попыту — у параўнаньні з кірмашовым, польскім або кітайскім, кошты на “белвестаўскі” абутак досыць высокія — да 100 тысяч рублёў, між тым як сярэдні заробак на Віцебшчыне за мінулы месяц быў усяго 280 тысяч, а рэальна такія грошы атрымлівае далёка ня кожны настаўнік або лекар.

Як вядома, Віцебшчына мае самую вялікую колькасьць стратных прадпрыемстваў — іх тут амаль палова, 46%. Што да сфэры паслугаў, то гэтая лічба яшчэ большая, і таму дырэктар лазьні №1 Аркадзь Берман пайшоў на зусім ужо незвычайны рэклямны экспэрымэнт — пачаў проста ў лазьні ладзіць канцэрты. Па сутнасьці, яны бясплатныя: да кошту звычайнага мыцьця ў лазьні, які вагаецца ў залежнасьці ад розных паслугаў ад 1 тысячы да 4–5 тысяч рублёў, кошт канцэрту не дадаецца. Запрошаныя самадзейныя артысты таксама выступаюць бясплатна.

Канцэрты праходзяць проста ў фае, і спачатку нават сталыя наведнікі крыху бянтэжыліся — не разумелі адразу, адкуль у лазьні музыка, думалі, што тут які банкет ладзяць. Але потым і падпявалі, і танчылі, і адна спадарыня нават пагадзілася запісацца на дыктафон:

(Спадарыня: ) “Спачатку людзі заходзілі ды палохаліся: “А што, лазьня на працуе?” — “Працуе, працуе!” А потым выходзілі з парылкі, чырвоныя, зь півам, стаяць, слухаюць. А бывала, што ў прасьціну загорнутыя выскоквалі! Паслухаюць крыху — і зноў у лазьню. Ведаеце, як рамансы сьпявалі! Гадзіны паўтары! Мне вельмі спадабалася!”

Паводле словаў дырэктара, колькасьць наведнікаў лазьні з музычным ухілам падвысілася, хаця бы коштам асабліва цікаўных з усяго навакольля. І гэты “рэклямны праект” можна было бы лічыць самым прыбытковым ды пасьпяховым, каб не адна акалічнасьць: днямі лазьня №1 зачынілася на штогадовы плянавы прафіляктычны рамонт, і канцэртаў таксама пакуль больш ня будзе.