5 ГАДОЎ ТАМУ ЗЬНІК ЮРЫ ЗАХАРАНКА, БЫЛЫ МІНІСТАР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Людзі, якія добра ведалі Юрыя Захаранку, згадваюць, што гэтага чалавека немагчыма было запалохаць. Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак, які тады сышоў зь дзяржаўнай службы, кажа пра ілюзіі, якія ён меў у першыя дні пасьля зьнікненьня Захаранкі:

(Воўчак :) “Як сьледчы я меркаваў, што яго пратрымаюць ня больш месяца, а потым абвесьцяць, што ён знаходзіцца пад сьледзтвам, падазраецца ў пэўным злачынстве, і што не маглі скантактавацца са сваякамі, каб паведаміць. Як заўсёды гэта робіцца. Але празь месяц мне стала зразумела, што сапраўды яго ў структурах міліцыі і КГБ няма, такім чынам, зь ім адбылося нешта сур’ёзнае і небясьпечнае”.

Гэты месяц сябры Юрыя Захаранкі з Саюзу афіцэраў, які ён ствараў, не сядзелі склаўшы рукі. Сваё расьсьледаваньне яны пачалі з пошукаў сьведак. І сапраўды — знайшліся людзі, якія нешта пэўнае ведалі. Алег Воўчак згадвае:

(Воўчак: ) “Толькі мы разьвесілі аб’явы, як літаральна адразу прыйшло пяць званкоў. І жанчыны і мужчыны тэлефанавалі, мы запісалі гэтыя званкі. Яны крыху разыходзіліся ў дробязях, але пра галоўнае казалі аднолькава — што было каля 10 гадзінаў, на двух аўтамабілях пад’ехалі невядомыя людзі, захапілі чалавека, падобнага на Захаранку, адзін ўвогуле сказаў, што гэта быў менавіта Захаранка, і павезьлі ў невядомым кірунку”.

Паводле Алега Воўчака, сьведкі дастаткова падрабязна апісалі злачынцаў. Касэту з гэтымі паказаньнямі потым перадалі афіцыйным асобам з пракуратуры, у прыватнасьці, Алег Воўчак называе крыміналіста Юрыя Бурвана, які перапісваў галасы сьведкаў. Іх паказаньні нібыта сапраўды зьмясьцілі і ў крымінальную справу Захаранкі, аднак гэта не дапамагло сьледзтву выйсьці на сьлед злачынцаў. Справа дагэтуль не завершаная. Нават няма афіцыйнага адказу на пытаньне, што здарылася зь Юрыем Захаранкам пасьля 7 траўня 1999 году.

Дачка Юрыя Захаранкі Алена, у той час супрацоўніца міліцэйскай акадэміі, згадвае пра свае пачуцьці:

(Алена Захаранка: ) “Вы ведаеце, гэта такі стрэс! Гэта як на адкрытую рану сыплюць пуд солі. Мы крычалі, мы валяліся на падлозе, мя ня верылі ў тое, што гэта можа адбыцца, што мы ніколі не пабачым тату. Гэта жахліва, дагэтуль гэта такая трагедыя!”

Праз два гады жонка, дзьве дачкі й трохгадовы ўнук Юрыя Захаранкі зьехалі ў Нямеччыну і атрымалі там палітычны прытулак. Алена Захаранка кажа, што яе сын Кірыл добра ведае пра дзядулю і пра ягоны лёс. Адзінае, што ў іх засталося ад дзядулі — кардонная скрыня, у якой ляжаць ягоныя фотаздымкі. Алена часта паказвае іх сыну, бо ганарыцца сваім бацькам.

(Алена Захаранка: ) “Спачатку я думала: як жа ён мог нас пакінуць? Яму давалі вялікія магчымасьці, Лукашэнка яму асабіста прапаноўваў паехаць амбасадарам у Швайцарыю, іншыя былі варыянты. Але ён пайшоў разам з народам. А я раней думала: а чаго ж ён нас пакінуў бездапаможных? Давялося нам нават зьехаць са сваёй радзімы. А цяпер, вы ведаеце, я ганаруся. Майго таты няма, а я ім ганаруся. Я магу сказаць: “Так, гэта быў мой бацька. Я маю такі гонар мець такога шляхетнага чалавека”, — кажа
Алена Захаранка, дачка зьніклага пяць гадоў таму Юрыя Захаранкі.

Грамадзкасьць Беларусі ўскладае адказнасьць за зьнікненьне Юрыя Захаранкі на найвышэйшае кіраўніцтва краіны. Да гэтых падазрэньняў нядаўна афіцыйна далучылася і Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы.