ЦІ ПАЎПЛЫВАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НА ВАШАЕ ЖЫЦЬЦЁ?

Браніслава Станкевіч, Ворша

Як паказала апытаньне, аршанцы старэйшага веку практычна не задумваліся над тым, ці зьменіцца іхнае жыцьцё пасьля таго, як у Эўразьвяз уступілі найбліжэйшыя суседзі Беларусі — Польшча ды шэраг прыбалтыйскіх краінаў.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці паўплывае пашырэньне Эўразьвязу на вашае жыцьцё?”

(Спадар: ) “Можа, і паўплывае. Але на мяне, я думаю, ня дужа”.

(Спадар: ) “Ня дужа цікаўлюся”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Мне цяжка адказаць…”

Прадстаўнікі маладзейшага пакаленьня — навучэнцы аршанскае пэдвучэльні — разважалі пра пашырэньне Эўразьвязу ды ягоныя наступствы для беларусаў больш ахвотна:

(Дзяўчына: ) “Напэўна, паўплывае. Відаць, будзе нейкая ўзаемадапамога”.

(Хлопец: ) “Пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз кошты ў тых краінах павялічацца. Адпаведна, і на нас гэта будзе адбівацца.У іх візы будуць мяняць, гэта значыць, што яны змогуць вольна падарожнічаць па эўрапейскіх краінах. А мы? Хаця і таксама належым да Эўропы, усё ж будзем аддзеленыя ад нашых суседзяў. І ў нас эканоміка не на тым узроўні, каб яны нас да сябе ўзялі! Праўда, нашто хлусіць: нам да іх яшчэ далёка!”

(Хлопец: ) “Цяпер нас будзе душыць жаба!”

(Хлопец: ) “І пакуль у нас кіруе Лукашэнка, ён ня дасьць нам уступіць у Эўразьвяз!”

(Хлопец: ) “На маю думку, Беларусі цяпер ўвогуле нерэальна да кагосьці далучыцца: у нас занадта розныя ўзроўні жыцьця — і ў параўнаньні з Эўразьвязам, і нават з Расеяй! Нам трэба мяняць існуючы рэжым самым карэнным чынам”.

(Хлопец: ) “А я думаю, што на нас гэта ніякім чынам не паўплывае. Якое гэта да нас мае дачыненьне! Ну, суседзі ўступілі ў Эўразьвяз, а мы — не. Хаця мы таксама, у прынцыпе, эўрапейцы…”

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што нашае жыцьцё цяпер зьменіцца, безумоўна! Па-першае, беларусам у краіны Эўразьвязу будзе досыць цяжка трапіць. Хаця… Можа, Беларусь таксама туды ўвойдзе. Але ж палітыка нашае краіны цяпер так разьвіваецца, што галоўны кірунак у яе — на Расею. Так што наўрад ці з нашым Лукашэнкам “сьвеціць” увайсьці ў Эўразьвяз. Хутчэй, мы трапім у пэўную ізаляцыю”.

(Хлопец: ) “Ну, паглядзім яшчэ, што будзе гадоў празь дзесяць. Як нам у дзяцінстве казалі: “Трэба вучыцца на чужых памылках”. Вось мы колькі год паназіраем ды падумаем, ці варта нам таксама ўступаць у Эўразьвяз, ці не”.

(Дзяўчына: ) “Канечне, варта! Эўропа — гэта ж супэр! І нашая Беларусь усё-ткі ў самым цэнтры гэтае Эўропы!”