У ВАРШАВУ ПРЫБЫЛА ДЭЛЕГАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ АНТЫГЛЯБАЛІСТАЎ

Севярын Квяткоўскі, Менск

Наўрад ці беларуская дэлегацыя можа паўплываць на агульную карціну. Па словах аднаго зь лідэраў беларускіх анархістаў Паўлюка Канавальчыка, дэлегацыя складаецца з паўсотні чалавек.

Гэта ўжо другая міжнародная акцыя пратэсту, дзе прадстаўленая Беларусь. Першы раз беларусы бралі ўдзел у падобным мерапрыемстве ў 2000-м годзе ў Празе. Дарэчы, у часе праскіх падзеяў аднаму зь беларусаў паліцыянты зламалі нагу. Але што да агрэсіі, мае суразмоўцы-анархісты мяркуюць, што вобраз вулічных экстрэмістаў, і самі сутыкненьні з паліцыяй найперш правакуюць улады краінаў, дзе адбываюцца міжнародныя эканамічныя форумы. Вось як тлумачыць сытуацыю лідэр гарадзенскага анархісцкага рок-гурту “Diviation” Стас Пачобут:

(Пачобут: ) “З самага пачатку пратэсты былі заплянаваныя як мірныя пратэсты. Аб гэтым казалася паўсюль. Калі будзе гвалт, гэта будзе гвалт, як адказ на гвалт дзяржавы. Я бы не разглядаў гэты рух як рух турыстаў-экстрэмалаў. Я не лічу, што яны складаюць рэальную частку гэтых людзей”.

Гэта меркаваньне гарадзенскага анархіста Стаса Пачобута. Дарэчы, Стас Пачобут бачыць аналёгію зь беларускай сытуацыяй, калі практычна ўсе вулічныя сутыкненьні зь міліцыяй за апошнія дзесяць гадоў былі справакаваныя ўладамі.

У 1990-х гадах анархісты актыўна ладзілі вулічныя акцыі і пэрформансы. Як суразмоўцы тлумачаць сваю актыўнасьць па-за межамі краіны і цяперашнюю пасіўнасьць у Беларусі?

(Пачобут: ) “Пасьля ўздыму павінен быць спад. А пасьля спаду заўжды ёсьць пад’ём, рана, ці позна”.

А пакуль замежныя паездкі беларускіх анархістаў выглядаюць свайго кшталту трэнінгам.