ЦІ ТРЭБА БЫЛО АДСЯЛЯЦЬ ЖЫХАРОЎ З ЗАБРУДЖАНЫХ РАДЫЯЦЫЯЙ ТЭРЫТОРЫЯЎ?

Галіна Абакунчык, Менск

Мае суразмоўцы вельмі часта казалі, што і праз 18 гадоў пасьля аварыі ў Чарнобылі яны ня ведаюць усёй праўды пра наступствы ядзернага выбуху. Многія перакананыя, што нават даступныя зьвесткі сьведчаць, што стала жыць на забруджаных землях нельга. Аднак апошнім часам зьявіліся й іншыя меркаваньні. Пытаньне ад Радыё Свабода гучала так:

(Карэспандэнтка: ) “Ці трэба было адсяляць жыхароў з забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў? Ці варта дазволіць вяртацца ў чарнобыльскую зону?”

(Спадарыня: ) “Я ўпэўненая, што на забруджаных тэрыторыях жыць нельга. Бо там многія жанчыны і дзяцей нараджаюць хворых, і ў агародах нічога добрага і чыстага там вырасьці ня можа”.

(Спадар: ) “Рэч такая, што ўвогуле была прапанова адсяліць палову рэспублікі, а тыя землі закансэрваваць. Але кіраўніцтва вырашыла, што людзі могуць там жыць і працаваць. Калі ўлічыць, што вывад стронцыю ці цэзію зь зямлі —тысяча гадоў, то, натуральна, праз 10–20 гадоў там нельга жыць і вырошчваць чыстую прадукцыю”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што людзей трэба вызваляць з тых рэгіёнаў, як і раней. Бо радыяцыя, яна ж усё роўна там засталася”.

(Спадарыня: ) “Канечне, трэба высяляць, але ж ніхто ня кажа, што так, радыяцыя ёсьць. Мы як ня ведалі нічога адразу пасьля выбуху, так ня ведаем і цяпер”.

(Спадар: ) “Старыя жывуць, бо сюды пераехалі, а тут за імі догляду няма. А там яны ў сябе дома, на сваёй зямлі”.

(Спадар: ) “У зоне ў гэтай пражываць нельга. Бо як гляджу што робіцца ў Рэспубліканскім дзіцячым цэнтры, дык страх глядзець і на гэтых і дзяцей, і дарослых”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, што гэта неяк зьвязана з Чарнобылем?”

(Спадар: ) “Канечне. Бо без Чарнобылю бяз гэтага ўсё ж нармалёва было. Словам, перасяляць трэба людзей”.

(Юнак: ) “На забруджаных тэрыторыях людзі могуць жыць, яны ўжо прывыклі, і клімат там для іх добры. Можна, канечне, там жыць і вяртацца туды. Дый навошта такую тэрыторыю пакідаць пустой, няхай будзе”.

(Юнак: ) “Мая бабуля там жыве, ёй 78-ы год ужо. Есьць і бульбачку сваю, і агурочкі, і ўсё добра”.

(Карэспандэнтка: ) “А як пачуваюцца людзі, якія таксама там жывуць?”

(Юнак: ) “А яны шмат п’юць, і таксама добра сябе адчуваюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна дазваляць вяртацца туды?”

(Спадарыня: ) “Ні ў якім разе. Я лічу, што правільна зрабілі, што адсялілі людзей. Кожнае другое дзіця нараджаецца з паталёгіяй — гэта што, ня факт? Я ўпэўненая, калі вярнуць туды людзей, гэта будзе злачынства перад нацыяй”.

(Спадар: ) “Калі так разабрацца, то радыяцыя распаўсюджаная па ўсёй Беларусі. Вы паглядзіце па статыстыцы: у нас памірае больш людзей, чым нараджаецца. У нас не дазволена пра гэта казаць, няма доступу да такой інфармацыі, але ў Менску радыяцыі ня менш, чым у Гомельскай ці Магілёўскай абласьцях. Таму я лічу, што трэба лепш працаваць дэпутатам, не сядзець там на мяккіх крэслах і не вырашаць сваіх асабістых пытаньняў. А ўсё ж такі трэба крыху клапаціцца пра свой народ. Мы не для таго іх выбіралі, каб яны там адседжваліся”.