Дні беларускай культуры ладзяць студэнты Кракаўскага Ягелонскага ўнівэрсытэту, якія належаць да навуковага гуртка, што займаецца праблемамі Ўсходу, ды Інстытуту усходнеславянскай філялёгіі.
Хросным бацькам ідэі Дзён беларускай культуры ёсьць выкладчык Гарадзенскага і Ягелонскага ўнівэрсытэтаў Генадзь Семянчук, які стварае цяпер у Кракаве катэдру беларускай філялёгіі. Прапаную паслухаць, што спадар Семянчук сказаў Радыё Свабода ўчора ўвечары, адразу пасьля прыезду з групай беларусаў у Кракаў.
(Семянчук: ) “Ідэя Дзён беларускай культуры паўстала з ініцыятывы студэнтаў, якія ўжо мелі кантакты зь беларускімі студэнтамі. Хацелася, каб жыхары Кракава пазнаёміліся зь Беларусьсю не праз прызму артыкулаў у газэтах, але праз непасрэдныя кантакты з творцамі беларускай культуры і мастацтва”.
Учора ў Кракаў прыехалі калі 40 чалавек зь Беларусі. Гэта студэнты гарадзенскага ўнівэрсытэту, акторы тэатру з Горадні, беларускія пісьменьнікі ды мастакі. Прыехалі беларусы зь Беласточчыны і Чэхіі.
Цягам чатырох дзён у Кракаве адбудуцца, сярод іншага, спэктакль “Тутэйшыя” Янкі Купалы, дэманстрацыя фільмаў пра Беларусь, выстава працаў беларускіх мастакоў, літаратурная вечарына, канцэрт вядомага барда Віктара Шалкевіча.
Самі польскія студэнты ўпэўненыя, што дні беларускай культуры безумоўна будуць для жыхароў Кракава будуць цікавыя, бо да гэтага часу ў гэтым горадзе, у адрозьненьне ад Беластоку ці Варшавы, адчуваўся пэўны дэфіцыт падзеяў, зьвязаных зь Беларусьсю.
Амбасада Беларусі ў Польшчы да Дзён беларускай культуры ніякага дачыненьня ня мае. Яны ладзяцца выключна пры падтрымцы Ягелонскага унівэрсытэту. Як паведаміў Радыё Свабода Генадзь Семянчук, гэтым мерапрыемствам зацікавіўся асабіста рэктар унівэрсытэту і асабіста выдзяліў на яго грошы. Спадар Семянчук адзначыў, што да беларускай амбасады вырашыў не зьвяртацца прынцыпова.