СУБОТА. 10 КРАСАВІКА
ЗВАНКІ НА СВАБОДУ
Шаноўныя слухачы, кожную суботу ў нашым эфіры - перадача “Званкі на Свабоду”. У чарговым выпуску вашыЯ меркаваньні і адказы на пытаньне тыдня – “Што трэба рабіць, каб парлямэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі без падтасовак”. Вы пачуеце таксама камэнтар дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука наконт якасьці гучаньня Беларускай Свабоды. Перадачу вядзе Віталь Цыганкоў
ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ. ТЭМАТЫЧНЫ ВЫПУСК
Сёньня ў гэта цяжка верыцца, аднак да 1939 году Беларусь была краінай хутароў. Актыўнаму адасабленьню сялянскіх двароў спрыяў яшчэ Пётар Сталыпін, калі быў губэрнатарам Гарадзеншчыны. А другую хвалю хутарызацыі ініцыявалі камуністы 1920-х гадоў. У лёзунгу тае пары сьцьвярджалася, што “Беларусь у разьвіцьці сельскай гаспадаркі павінна ісьці па шляху Даніі й мае стаць Даніяй на ўсходзе Эўропы”. Але ў 1930-х усё пайшло наперакос. І сёньня ў краіне ўсяго 955 хутароў. Пра іх лёс ды пэрспэктыву пойдзе размова ў перадачы Аляксандра Ўліцёнка.
ПА-ЗА ТАКТАМ. “УСЕНАРОДНЫ АЛЬБОМ”
Менавіта так вызначыў сутнасьць выдадзенага 7 гадоў таму супольнага музычнага праекту “Народны альбом” знаны беларускі музыка Андрэй Плясанаў. Пра тое, як ствараўся гэты бяспрыкладны ў гісторыі папулярнай музыкі супольны музычны праект, як ён паўплываў на далейшыя асабістыя лёсы яго удзельнікаў і разьвіцьцё гэтага жанру ў Беларусі наогул, чым адметны паказ “Народнага альбому” 11 красавіка ў Менску расказваюць нашаму карэспандэнту Зьміцеру Падбярэскаму тыя, хто ствараў гэтую найбольш вядомую ў краіне праграму.
НЯДЗЕЛЯ. 11 КРАСАВІКА
ПРАСКІ АКЦЭНТ. ЖЫЦЬЦЁВЫЯ І СПАЖЫВЕЦКІЯ ЛЁЗУНГІ БЕЛАРУСАЎ І РАСЕЙЦАЎ
Як адрозьненьні паміж беларусамі і расейцамі адлюстраваныя ў адрозьненьнях у таварах, якія рэклямуюцца ў дзьвюх краінах? Ці сапраўды жыцьцёвы і спажывецкі лёзунг беларусаў: “Жыві, як усе”, а расейцаў – “Жыві лепш за іншых”? Асаблівасьці паводзінаў беларусаў – гэта вынік гістарычнага ўзросту ці жыцьцёвы стыль?
На гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” разважаюць супрацоўнік камэрцыйнага аддзелу фірмы “Гомельшкло” Яўгэн Сасуноў і філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч.
Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.
ПАШТОВАЯ СКРЫНКА – 111. АГЛЯД ЛІСТОЎ НА СВАБОДУ
Ці павінна царква патрабаваць ад улады прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у бальшавіцкім тэроры супраць вернікаў?
Якім чынам улады праводзяць прымусовую пашпартызацыю?
Чаму некаторыя буйныя беларускія прадпрыемствы разьмяшчаюць свае вытворчасьці ў іншых краінах?
Над гэтым разважаюць нашыя слухачы ў лістах на Свабоду. Яны таксама распавядаюць пра тое, як жывецца інвалідам у беларускіх вёсках.
Сярод тых, чые лісты прагучаць у праграме “Паштовая скрынка 111” – Віталь Каско з Маладэчанскага раёна, Часлаў Хвайніцкі і Ірына Трафімава са Смаргоні, Міхаіл Леках з Рыгі і Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёна.
Лісты камэнтуе Валянцін Жданко
ВОЛЬНАЯ СТУДЫЯ. МІЖКАНФЭСІЙНАЯ ПРАБЛЕМАТЫКА
На другім Ватыканскім саборы Папа Рымскі Ян ХХІІІ, падпісваючы пастанову “Аб экумэнізьме”, зазначыў: “Тое, што нас, вызнаўцаў Хрыста, падзяляе, нашмат меншае за тое, што нас яднае”. З тае пары прамінула больш за сорак гадоў, аднак рэальнага збліжэньня паміж праваслаўнай і каталіцкай канфэсіямі не адбылося. Не спрыяюць паразуменьню між цэрквамі й традыцыйныя экумэністычныя дыялёгі, якія ладзяцца ў краінах Сярэдняй і Заходняй Эўропы. Ня стала выключэньнем і нядаўняя сустрэча ў польскім мястэчку Гнезна…
Міжканфэсійная праблематыка стане тэмай чарговай “Вольнай студы”, якая выйдзе ў эфір 11 красавіка, у Велікодную нядзелю. У перадачы, якую вядзе Міхась Скобла, возьмуць удзел пісьменьніца Ірына Багдановіч і перакладчык, сакратар Біблійнай камісіі Беларускага Экзархату Іван Чарота.
ВОСТРАЯ БРАМА. АЛЯКСАНДАР РЫПІНСКІ
Паўтараста гадоў таму віцебскі паўстанец і літаратар Аляксандар Рыпінскі апынуўся ў Лёндане. Тут ён разважаў пра будучыню сваёй бацькаўшчыны, пісаў вершы і, паміж іншым, прыдумаў новую літаратуру беларускага альфабэту – у нескладовае. Сёньня па лёнданскіх сьлядах Рыпінскага адправіўся сталы аўтар перадачы “Вострая Брама” Зьміцер Бартосік. У выніку наведваньня сталічнага раёну Тотэнхэм зьявілася новая гісторыя пра забытыя адрасы беларускай культуры. Дома Рыпінскага даўно няма, затое жыве і працуе карчма, у якой некалі зьбіралася беларуская шляхта.