Адмыслова службовы транспарт правераны быў у трох раёнах — Рагачоўскім, Гомельскім і Мазырскім. Распавядае супрацоўнік рэгіянальнага камітэту дзяржкантролю Алег Шараметаў:
(Шараметаў: ) “Паводле выяўленых фактаў складзена 55 актаў. Гэта за выкарыстаньне службовага транспарту ў асабістым мэтах. Затрыманыя былі і кіраўнікі прадпрыемстваў, і асабіста кіроўцы розных начальнікаў са сваімі сем’ямі. Перш чым пакараць затрыманых, акты дэталёва вывучаюцца, бо ніхто, канечне, ня піша ў пуцявых лістах, што едзе на лецішча ці да сваякоў у вёску. Кантроль будзе пастаянны, так што, магчыма, і напрыканцы гэтага месяца зноў будзе рэйд з мэтай праверкі выкарыстаньня службовага і спэцыяльнага транспарту”.
У рэгіёне цяпер налічваецца амаль 4 тысячы адзінак транспарту спэцыяльнага прызначэньня і звыш 5,5 тысячы службовых легкавікоў. Управа статыстыкі падае, што найбольш легкавікоў знаходзіцца на балянсе мясцовых саветаў, да якіх адносіцца і транспарт раённых выканаўчых камітэтаў ды кіраўнікоў саўгасаў. У аблвыканкаме, паводле справаздачы, 19 аўтамашынаў. Першыя асобы ў рэгіёне езьдзяць на “Мэрсэдэсах”, “Вольва”, “Фольксвагенах”, чыноўнікі ніжэйшага рангу — на “Волгах”, драбнейшае начальства — на “Жыгулях”.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся купіць для ўсіх старшыняў райвыканкамаў чорныя “Мэрсэдэсы”. Гомельскія вэртыкальнікі атрымалі “Мэрсэдэсы” першымі. Назіральнікі тлумачылі гэта тым, што “Мэрсэдэсы” былі своеасаблівай падзякай — на выбарах Гомельшчына падала за Лукашэнку 80% галасоў.
Цяпер, як бачым, службоўцы вымушаныя выкарыстоўваць легкавікі з засьцярогай, і асабліва, калі працоўны час скончыўся альбо гэта наогул выходны дзень.