ПОЛЬСКАЯ РЭАКЦЫЯ НА ЗАЯВУ БТ, ШТО ПОЛЬШЧА ЁСЬЦЬ “МАРЫЯНЭТКАВАЙ ДЗЯРЖАВАЙ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Напярэдадні амбасада Польшчы ў Менску распаўсюдзіла афіцыйную заяву, у якой гаворыцца:

“Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне вуснамі вядомага дзяржаўнага прапагандыста Яўгена Новікава абразіла польскі народ і ўлады, назваўшы Польскую Рэспубліку – найбліжэйшага суседа Беларусі – “марыянэткавай дзяржавай”. Польшча – гэта дзяржава, дзе выбары ўладаў праходзяць абсалютна дэмакратычна. Польшча даўно зьяўляецца сябрам Рады Эўропы і краінай, у якой жыхары нават маленькай вёскі маюць непасрэдны ўплыў на тое, хто кіруе ў мясцовых органах і ва ўсёй краіне. Назваць нашую краіну “марыянэткавай “– гэта сапраўдная абраза”.

Паводле амбасады, марыянэткай, несумненна, ёсьць журналіст, які выконвае, праўдападобна, палітычную замову ад колаў, зацікаўленых у пагаршэньні польска-беларускага супрацоўніцтва.

Між тым учора ўвечары, у Сэйме мне ўдалося атрымаць камэнтар у гэтай справе ад лідэра найбуйнейшай апазыцыйнай фракцыі польскага парлямэнту – ад партыі “Грамадзянская плятформа” Яна Марыі Ракіты. Вось што ён сказаў Радыё Свабода:

(Ракіта: ) “Цяперашні беларускі рэжым ставіцца да Польшчы вельмі непрыязна. Але, на нашую думку, гэта ня ёсьць галоўны недахоп гэтага рэжыму. Больш істотна тое, што ён дзейнічае супраць інтарэсаў самой Беларусі, не дае ўласнай краіне ператварыцца ў сучасную эўрапейскую дязржаву, а беларусам не дазваляе жыць больш заможна. У гэтым галоўная віна рэжыму Лукашэнкі. Што да дрэннага стаўленьня да нашае краіны, дык я ня думаю, каб нехта ў Польшчы ды й ва ўсім сьвеце сур’ёзна перажываў з нагоды заяваў, якія гучаць у падпарадкаваных рэжыму беларускіх мэдыях. Мы ставімся да гэтага, як калісьці, да 1989 году, ставіліся да заяваў камуністычнай газэты “Trybuna Ludu” – папросту не зьвяртаем увагі. Нам, палякам, важна, каб беларускае грамадзтва разумела, што Польшча гэта прыхільны і добразычлівы сусед – можа найбольш добразычлівы з усіх астатніх. Каб беларусы ведалі, што мы хочам, каб як мага хутчэй прыйшоў час, калі Менск і Варшава будуць цесна супрацоўнічаць. Можа яшчэ здарыцца, што мы будзем мець магчымасьць дапамагчы беларусам вырвацца з ланцугоў рэжыму. Польшча – гэта натуральны сябра Беларусі, незалежна ад таго, што Лукашэнка і ягоная прапаганда скажа ў кішэнных мэдыях. Тое, што яны гавораць – гэта папросту няпраўда”.

Гэта быў спадар Ракіта, а зараз да трохі іншай тэмы. Учора пра сваю адстаўку заявіў міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч. Хаця Польшча цяпер знаходзіцца ў пэўным палітычным крызысе, але адстаўка Цімашэвіча акурат не зьвязаная з палітыкай.

Рэч у тым, што ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы са складу скралі цьвёрдыя дыскі ад старых кампутараў, якія павінны былі быць зьнішчаныя. Аказалаася, што на гэтых дысках знаходзіліся шэраг у тым ліку і сакрэтных дакумэнтаў, зьмест якіх часткова надрукаваў адзін з польскіх тыднёвікаў.

Уладзімер Цімашэвіч заявіў, што гэта вельмі сур’ёзны пралік і што ў такой сытуацыі ён бярэ палітычную адказнасьць на сябе і зыходзіць у адстаўку.

Прэм’ер-міністар і прэзыдэнт заявілі, што адстаўку пакуль не прымаюць, бо хочуць каб Цімашэвіч застаўся яшчэ месяц – да часу далучэньня Польшчы да Эўразьвязу. Сёньня, напэўна, стане вядома дакладна, што зробіць міністар далей.

У любым выпадку, адстаўцы Цімашэвіча ў Менску наўрад ці ўзрадуюцца. Нагадаю, што пад ягоным кіраўніцтвам МЗС Польчшы падрыхтаваў для Брусэлю праект стратэгіі будучай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьнях з усходнімі суседзямі, у тым ліку і зь Беларусьсю. Уладзімер Цімашэвіч, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, двойчы сустракаўся са сваім беларускім калегам, так што экспэрты пачалі нават казаць пра значнае пацяпленьне двухбаковых адносінаў. А хто будзе новым міністрам і якую палітыку ён будзе весьці – пакуль невядома.