Лібэральная “Грамадзянская плятформа” ёсьць лідэрам усіх соцыялягічных апытаньняў і, хутчэй за ўсё, будзе ствараць новы польскі ўрад. Таму маё першае маё пытаньне да аднаго з найбольш папулярных польскіх палітыкаў Яна Марыі Ракіты гучала так: “Як зьменіцца палітыка Польшчы ў дачыненьнях зь Беларусьсью пасьля прыходу да ўлады правых?”
(Ракіта: ) “Я лічу, што цяперашняя палітыка будзе працягвацца. Трэба, аднак, знайсьці такія мэтады працы, якія дазволілі б, нягледзячы на рэжым Лукашэнкі, весьці працэс зьбліжэньня паміж польскім і беларускім народамі. Гэта насамрэч вельмі важна. Канечне, цяжка шукаць паразуменьня з народам ў абыход ягонага ўраду, гэта ў палітыцы рэч ненармальная. Але такія выпадкі здараюцца. Тут варта павучыцца ў ФРН, якая дзесяцігодзьдзямі дапамагала немцам з Усходняй Нямеччыны, не кантактуючы з камуністычнымі ўладамі гэтай краіны. Канечне, там гаворка ішла пра той самы народ, але беларусы і палякі гэта таксама вельмі блізкія народы – мы жылі шмат стагодзьдзяў у адной дзяржаве. Трэба шукаць нестандартныя мэтады супрацоўніцтва, больш актыўна разьвіваць культурныя кантакты, кантакты паміж моладзьдзю, бізнэсоўцамі. Лукашэнка ня можа быць чыньнікам, з-за якога палякі спынілі б кантакты зь беларусамі, а беларусы – з палякамі. Гэта было б шаленствам”.
(Карэспандэнт: ) “Цяперашні польскі ўрад, якому засталося працаваць менш месяца, дэкляраваў, што пасьля зьменаў у Беларусі будзе гатовы дапамагчы беларусам увайсьці ў Эўразьвяз. Ці Менск можа разьлічваць на гэта і надалей?”
(Ракіта: ) “Калі толькі беларусы самі гэтага захочуць, Польшча будзе цалкам адкрытая для супрацоўніцтва з вольнай і дэмакратычнай Беларусьсю. Мы зробім усё, каб дапамагчы Беларусі ўвайсьці ў Эўразьвяз, адкрыць беларускую гаспадарку для ўсяго сьвету. Мы зробім усё, што можам, але толькі тады, калі гэтага захочуць самі беларусы, калі ім гэта будзе патрэбна. Існаваньне сучаснай, моцнай і дэмакратычнай Беларусі ёсьць нацыянальным інтарэсам Польшчы. Таму мы дапаможам Беларусі ў інтарэсе самой Беларусі, але таксама і таму, што гэта ў нашых інтарэсах”.
(Карэспандэнт: ) “Цяпер афіцыйны Менск ставіцца да Польшчы ня вельмі прыязна. Дастаткова ўзгадаць апошнія словы ў беларускім дзяржаўным тэлебачаньні, дзе Польшчу называюць “марыянэткавай краінай”. Я к бы вы гэта пракамэнтавалі?”
(Ракіта: ) “Цяперашні беларускі рэжым ставіцца да Польшчы вельмі непрыязна. Але, на нашую думку, гэта ня ёсьць галоўны недахоп гэтага рэжыму. Больш істотна тое, што ён дзейнічае супраць інтарэсаў самой Беларусі, не дае ўласнай краіне ператварыцца ў сучасную эўрапейскую дзяржаву, а беларусам не дазваляе жыць больш заможна. У гэтым галоўная віна рэжыму Лукашэнкі. Што да дрэннага стаўленьня да нашае краіны, дык я ня думаю, каб нехта ў Польшчы ды й ва ўсім сьвеце сур’ёзна перажываў з нагоды заяваў, якія гучаць у падпарадкаваных рэжыму беларускіх мэдыях. Мы ставімся да гэтага, як калісьці, да 1989 году, ставіліся да заяваў камуністычнай газэты “Trybuna Ludu” – папросту не зьвяртаем увагі. Нам, палякам, важна, каб беларускае грамадзтва разумела, што Польшча гэта прыхільны і добразычлівы сусед – можа найбольш добразычлівы з усіх астатніх. Каб беларусы ведалі, што мы хочам, каб як мага хутчэй прыйшоў час, калі Менск і Варшава будуць цесна супрацоўнічаць. Можа яшчэ здарыцца, што мы будзем мець магчымасьць дапамагчы беларусам вырвацца з ланцугоў рэжыму. Польшча – гэта натуральны сябра Беларусі, незалежна ад таго, што Лукашэнка і ягоная прапаганда скажа ў кішэнных мэдыях. Тое, што яны гавораць – гэта папросту няпраўда”.
(Карэспандэнт: ) “Калі ўзгадаць апошні беларуска-расейскі газавы крызыс, дык Польшча, нягледзячы на ўласныя праблемы з нагоды гэтага крызысу, не вінаваціла ў ім Менск. Чаму?”
(Ракіта: ) “Бо мы вельмі добра разумеем, што значыць быць залежным ад больш вялікага суседа і спрабаваць нешта адваяваць для сябе. Натуральна, што ў кожнай спрэчцы паміж Беларусьсю і Расеяй мы на баку беларусаў. Да Беларусі мы ня маем ніякіх прэтэнзіяў што да газу і жадаем беларусам выгандляваць як мага больш ад Расеі”.
(Карэспандэнт: ) “Большасьць сябраў “Грамадзянскай плятформы”, у тым ліку і мой суразмоўца, калісьці былі актывістамі падпольнай антыкамуністычнай апазыцыі, якая першай ва Ўсходняй Эўропе перамагла рэжым. Маё апошняе пытаньне да Яна Марыі Ракіты – якую раду б ён даў цяперашняй беларускай апазыцыі?”
(Ракіта: ) “Мы маем добрыя кантакты зь беларускай апазыцыяй. “Грамадзянская плятформа” падпісала дамовы аб супрацоўніцтве з партыямі Вінцука Вячоркі і Анатоля Лябедзькі, якіх мы вельмі паважаем. На нашую думку, беларуская апазыцыя мусіць збудаваць для сябе такі давер грамадзтва, як калісьці мела ў Польшчы “Салідарнасьць”. Апазыцыі патрэбны таксама харызматычны лідэр, падобны да польскага Валэнсы, які будзе ў стане выйграць у Лукашэнкі. Погляды апазыцыі, яе патрыятызм, трэба таксама пашыраць на іншыя слаі грамадзтва, ня толькі сярод інтэлігенцыі – гэта вельмі важна. Я не беларус і таму ня ведаю, як гэта зрабіць, але вельмі хацеў бы, каб у беларускай апазыцыі ўсё атрымалася”.