34% БЕЛАРУСАЎ ЛІЧАЦЬ ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ ПЕРШАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВАЙ

Юры Дракахруст, Прага

Галоўныя высновы дасьледаваньня наступныя: у параўнаньні з леташнім верасьнем істотна пагоршылася стаўленьне беларусаў і да Расеі, і да інтэграцыі зь ёй.

Рэйтынг жа Аляксандра Лукашэнкі за гэты час крыху падвысіўся і цяпер складае (за яго як за кіраўніка дзяржавы гатовыя прагаласаваць) больш за траціну апытаных.

На пытаньне якой была першай у гісторыі беларуская дзяржава больш за траціну апытаных адказалі – Вялікае Княства Літоўскае, а 15% адказалі, што вядуць адлік беларускай дзяржаўнасьці ад Беларускай Народнай Рэспублікі, што была абвешчаная 25 сакавіка 1918 году.

Паводле вынікаў апытаньня НІСЭПД прычынаю зьменаў стаўленьня беларусаў да Расеі і інтэграцыі зь ёй стаўся лютаўскі газавы канфлікт, які суправаджаўся аднадзённым адключэньнем падачы газу ў Беларусь.

43% апытаных згадзіліся з ацэнкай Аляксандра Лукашэнкі, які назваў гэтыя дзеяньні “актам тэрарызму на найвышэйшым ўзроўні”. 45% апытаных усклалі адказнасьць за “газавую вайну” на Расею і толькі 30% – на Беларусь. Кожны чацьверты апытаны сказаў, што ягонае стаўленьне да Расеі ў выніку гэтага канфлікту пагоршылася, і толькі 4 % сталі ставіцца да Расеі лепш.

Сацыёлягі адзначаюць значную ролю, якую адыгралі ў фармаваньні такога стаўленьня беларускія мэдыі – тыя, хто выказаў большы давер да таго, як асьвятлялі канфлікт беларускія мэдыі, значна часьцей лічылі, што ў канфлікце мае рацыю Беларусь.

Пагоршылася і стаўленьне беларусаў да інтэграцыі з ўсходнім суседам. Напрыклад, год таму за стварэньне сапраўднай адзінай дзяржавы з Расеяй, фактычна за ўваходжаньне ў Расею, выказваўся кожны чацьверты, цяпер – толькі 14%.

Год таму за Канстытуцыю саюзнай дзяржавы на гіпатэтычным рэфэрэндуме быў гатовы галасаваць кожны другі апытаны, у сёлетнім сакавіку – толькі 38%.

Сацыёлягі адзначаюць, што істотнае зьмяншэньне імкненьня інтэгравацца з Расеяй не прывяло да заўважальнага павялічэньня праэўрапейскіх настрояў. У леташнім верасьні і сёлетнім сакавіку апытаным задавалася адно і тое ж пытаньне: “Чаму Вы аддалі б перавагу – аб’яднаньню Беларусі з Расеяй ці уступленьню ў Эўразьвяз?” Летась за Расею выказаліся 47%, сёлета – 41%, ў верасьні за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу было 36%, сёлета ў сакавіку – 37%.

Падчас апытаньня быў зафіксаваны невялікі рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі – цяпер ён складае 34%, год таму ён складаў 26% – гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час яго кіраваньня, у леташнім верасьні ён быў роўны 32%. Кіраўнік дзяржавы па-ранейшаму мае велізарную перавагу над сваімі канкурэнтамі – самы папулярны зь іх, Уладзімер Ганчарык, мае рэйтынг ўсяго толькі два з паловай адсоткі.

Цікавыя дадзеныя атрымалі сацыёлягі на пытаньне “Якая беларуская дзяржава была першай у гісторыі?” Як адказвае на гэтая пытаньне цяперашняя ўлада вядома – варта прыгадаць рэфэрэндум аб сымболіцы ці рэпрэсіі супраць удзельнікаў сьвяткаваньня гадавіны абвяшчэньня БНР.

Але думку, што Беларусь пачалася з БССР, падчас апытаньня падзялілі толькі 17%.

Прыкладна столькі ж –18% вядуць адлік беларускай дзяржаўнасьці з 1991 году, з абвяшчэньня Рэспублікі Беларусь. Зь Беларускай Народнай Рэспублікай зьвязваюць пачатак беларускай дзяржаўнасьці 15% апытаных. І нарэшце адносная большасьць 34% называюць першай у гісторыі беларускай дзяржавай Вялікае Княства Літоўскае.