“1 красавіка – усясьветны дзень дурня”, – нагадвае штотыднёвік “Туризм и отдых”, супрацоўнікам якога раз-пораз даводзіцца пісаць, як абдурваюць беларусаў за мяжой. “1 красавіка – дзень адметны і патрабуе пэўнай падрыхтоўкі. Пажартаваць над іншымі хочацца, а жарт на ўласны рахунак не заўсёды ўспрымаецца адэкватна”. Сёньня газэта падрыхтавала шмат сюрпрызаў для сваіх чытачоў, а гэта значыць, не ўсяму, што надрукавана, трэба верыць. Зрэшты дэзынфармуюць грамадзянаў і іншыя выданьні (натуральна, зь лепшых пачуцьцяў). Таму, чытаючы сёньняшнюю беларускую прэсу, трэба быць пільным.
“Наша Ніва” друкуе вынікі агульнанацыянальнага апытаньне лябараторыі “Новак”, і гэта наўрад ці 1-красавіцкі жарт. Высьвятлялі рэйтынг палітычных дзеячаў, папулярнасьць партыяў, меркаваньні пра стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй. “Хоць летась сумарны рэйтынг апазыцыйных партыяў упершыню перавысіў прэзыдэнцкі, Лукашэнка ўсё яшчэ перамагае канкурэнтаў”, – піша “Наша Ніва”. – “Праўда, пераможны лік, асабліва супраць Фралова ці Лябедзькі, ужо не такі “элегантны”.
Дарэчы, Анатоль Лябедзька несумненны фаварыт у апазыцыйным лягеры. Сярод партыяў найвышэйшы рэйтынг традыцыйна мае “Надзея”. Потым – АГП і лібэрал-дэмакраты. Падрабязная раскладка з рэйтынгавымі табліцамі – у сёньняшняй “Нашай Ніве”.
Яшчэ адзін матэрыял у “Нашай Ніве” прысьвечаны новаму кадраваму прызначэньню ў тэлерадыёкампаніі. “На першы погляд, прызначэньне намесьніка дырэктара “Полацак-Шкловалакно” кіраўніком тэлебачаньня выглядае не зусім лягічна”, – піша “Наша Ніва”. – “Аднак ёсьць у намэнклятурнай практыцы паняцьце ідэалягічнай вытрымкі. Гэтае прызначэньне супала з гадавінай абвяшчэньня дзяржаўнай ідэалёгіі. Час прысьпеў паказаць, што ідэолягі ўжо ёсьць, а заадно прадэманстраваць, як будуць заахвочвацца чыноўнікі-кадравікі, якія прынялі новыя правілы гульні”. Аналіз тэлевыявы па-беларуску ў артыкуле “Матрыца бесьсьмяротная”.
Карэспандэнт “Народнай Волі” Алесь Сіліч вярнуўся з Грузіі, дзе меў магчымасьць назіраць за парлямэнцкімі выбарамі. “Сучасная Грузія – краіна кантрастаў”, – піша Алесь Сіліч.– “Адносна прыстойная сталіца і літаральна паміраючая правінцыя. Ваду і сьвет ў шэрыя дамы, як у Руставі, падаюць па гадзінах; пэнсія – 7 даляраў. Але ўсё гэта на тле аглушальнай па сваёй моцы гасьціннасьці мясцовых людзей і нежаданьня вяртацца ў таталітарнае мінулае”. Пра жыцьцё Грузіі і грузінаў, парлямэнцкіх выбарах і наступствах рэвалюцыі ружаў у артыкуле “Гамарджоба, Сакартвэло!” (у перакладзе з грузінскай– “Вітаю, Грузія!”)
У сёньняшняй “Народнай Волі” таксама адказ Ніла Гілевіча на чарговыя інсынуацыі ў ягоны бок. “Дырэктарка холдынга "ЛiМ" Бондар апублiкавала артыкул "Усё мяняецца, не мяняюцца толькi пiсьменнiкi"”, – уводзіць у курс справы спадар Гілевіч. – “У гэтай публiкацыi яна якi ўжо раз выказала на мой адрас брудныя інсынуацыі, напісала, нібыта я ў 1980 годзе "сьпіхнуў з дарогі" Ўладзімера Караткевіча, каб вырваць сабе Дзяржаўную прэмію БССР. Гэта самы што ні на ёсьць паклёп! Ніколі, ні разу я не сутыкнуўся на тле якіх бы то ні было прэміяў з Караткевічам, талент якога цаніў i цаню. Бо даў Бог даў мне такую хімэру, як сумленьне”. Чаму знакаміты паэт Ніл Гілевіч раз-пораз трапляе ў непрыемныя гісторыі? Сам ён спрабуе адказаць лістом “Усё мяняецца, не мяняюцца толькі паклёпнікі”.