ЛЁС РАБОТНІКАЎ ФІРМЫ “ЮКІ” НЯПЭЎНЫ

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

У чацьвер работнікі “ЮКІ” абмяркоўвалі вынікі акцыі пратэсту, спыненай увечары 31 сакавіка. Гаворыць рабочы Мікалай Шановіч:

(Шановіч: ) “Калі браць па вялікім рахунку, то ня так ужо і дарэмна галадавалі. Прымусілі паварушыцца і мясцовыя ўлады, і цэнтральныя. Вядома, выніку таго, якога хацелі, не атрымалі, напэўна. Не дабіліся мы свайго. Улада зрабіла сваё. Хто ва ўладзе, той і руліць, правіць балем”.

(Карэспандэнт: ) “Ці была магчымасьць іншымі сродкамі зьвярнуць увагу на вас?”

(Шановіч: ) “Як можна было іншым чынам зьвярнуць увагу? Мы нават хадзілі на прыём да самога старшыні райвыканкаму Неўмяржыцкага. Ён нас нават у кабінэт не пусьціў. Як яшчэ зь імі размаўляць? І суды былі, і ўсё”.

А вось як пракамэнтаваў спыненьне галадоўкі дырэктар фірмы Павал Юзвак:

(Юзвак: ) “Дзясяты дзень, і людзі ж… А з райвыканкаму ніякіх рухаў не было. Гэта пірава перамога райвыканкаму. Нейкі жах. Але што зробіш? Што зробіш, калі яно так?”

Ініцыяваў спыненьне акцыі работнікаў “ЮКІ” лідэр Менскага гарадзкога саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін. Паводле яго, гэтая ініцыятыва была выкліканая найперш клопатам пра жыцьцё і здароўе галадоўнікаў. З другога боку, як зазначыў спадар Карагін, Смалявіцкі райвыканкам не зьбіраўся задавальняць патрабаваньняў работнікаў “ЮКІ”. На яго думку, самае галоўнае — знайсьці выйсьце, каб захаваць “жывым” прадпрыемства. “ЮКІ” зарэгістраваная ў Менску, рэгулярна выплачвае падаткі, таму, паводле Карагіна, Менскі гарвыканкам зацікаўлены ўратаваць “ЮКІ”:

(Карагін: ) “Што прапанаваў горад? Пераяжджайце ў Менск. Кідайце Смалявічы. Менгарвыканкам выдзеліць гектар зямлі. Але ж там рабочыя смалявіцкія. Гэта ж трэба быць такім абыякавым да сваіх людзей!”

У Смалявічах акцыя работнікаў “ЮКІ” выклікала шырокі розгалас. Многія жыхары райцэнтру спачуваюць рабочым, над якімі навісла пагроза беспрацоўя. У прыватнасьці, вось як пракамэнтаваў акцыю жыхар Смалявічаў спадар Георгі:

(Георгі: ) “Гэта вельмі сумна, што ў Беларусі ў нашы часы такая гідота творыцца ня толькі ў Менску, ня толькі ў гэтым горадзе, а і ў іншых гарадах. Гэта вельмі кепска. Людзі застаюцца бяз працы. І, напэўна, Лукашэнку, іншым прадстаўнікам улады варта задумацца пра становішча рабочага ў краіне”.