САМАЛЁТЫ НАТО ПАЧЫНАЮЦЬ ПАТРУЛЯВАЦЬ ПАВЕТРАНУЮ ПРАСТОРУ БАЛТЫІ

Юры Сьвірко, Менск

Міністры абароны Латвіі, Літвы ды Эстоніі ў панядзелак выступілі з супольным зваротам, якім віталі рашэньне НАТО калектыўна ахоўваць паветраную прастору трох краінаў Балтыі. Міністры абароны заявілі, што вайсковым самалётам, якія будуць для гэтага выкарыстоўвацца, забясьпечаць вольны і бесьперашкодны доступ у неба трох новых сяброў НАТО. Ужо ў панядзелак чатыры самалёты F-16 вайскова-паветраных сілаў Бэльгіі прыляцяць на аэрадром Зокняй на поўначы Літвы, каля гораду Шаўляй. Раней плянавалася, што першымі вахту ў небе над Балтыяй будуць несьці самалёты з Даніі, якія хацелі разьмясьціць у Віленскім міжнародным аэрапорце ўсяго за 30 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Абслугоўваць бэльгійскія самалёты будуць прадстаўнікі Нарвэгіі, якія прыехалі ў Шаўляй яшчэ ў пятніцу.

Міністар абароны Латвіі Атыс Слактэрыс сказаў, што ягонай краіне паветраны патруль НАТО будзе кашатваць каля 8 мільёнаў даляраў штогод. Ён таксама заявіў, што жыхары Балтыі не заўважаць натаўскіх самалётаў, бо “яны ня будуць лётаць над дахамі дамоў і перашкаджаць людзям спаць”.

Галоўнакамандуючы вайскова-паветранымі сіламі Расеі генэрал арміі Ўладзімер Міхайлаў заявіў, што ягоныя сілы будуць уважліва сачыць за тым, што адбываецца каля межаў, і ў выпадку неабходнасьці рабіць адэкватныя захады. У інтэрвію “Інтэрфаксу” генэрал арміі Міхайлаў сказаў: “Палёты натаўскіх вайсковых самалётаў у паветранай прасторы Балтыі не адаб’юцца на ваеннай бясьпецы Расеі, паколькі пры сучасных сродках зьнішчэньня ня мае вялікага значэньня, на якой адлегласьці ад мяжы — 50 або 500 кілямэтраў — знаходзяцца гэтыя сродкі”. Ужо 7 красавіка Ўладзімер Міхайлаў будзе кіраваць камандна-шатбной трэніроўкай аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны СНД, у якой возьмуць удзел больш за 70 баявых самалётаў дзевяці краінаў Садружнасьці, у тым ліку Беларусі. Паводле расейскіх вайскоўцаў, у рамках гэтай аб’яднанай сыстэмы пасьля зьяўленьня самалётаў НАТО ў небе краінаў Балтыі на гэтым кірунку будуць зробленыя дадатковыя захады, “у тым ліку неардынарныя, якія будуць апрабаваныя найбліжэйшым часам”.

Намесьнік камандуючага беларускімі вайскова-паветраным сіламі палкоўнік Аляксандар Шэрыс паведаміў Радыё Свабода, што Беларусь будзе браць удзел у трэніроўцы ўсімі сваімі паветранымі сіламі, аднак наконт патруляваньня самалётамі НАТО краінаў Балтыі заявіў:

(Шэрыс: ) “Ня бачым неабходнасьці якімсьці чынам камэнтаваць гэтыя факты, таму што нічога такога звышнатуральнага пакуль не адбываецца. Яны нічога там не патрулююць. Вы, па-мойму, перабольшваеце. Адна справа — авіяцыя пералятае з аэрадрому на аэрадром, іншая — патрулюе. Гэта ж розныя рэчы”.

Аднак былы галоўнакамандуючы вайскова-паветранымі сіламі Расеі Анатоль Карнукоў заклікаў расейскае кіраўніцтва не цырымоніцца з самалётамі НАТО каля сваіх межаў, а рабіць рашучыя захады: “Парушыў мяжу — сшыбаць, не рассусольваючы”. Спадар Карнукоў патлумачыў, што на балтыйскім напрамку Расея фактычна ня мае аэрадромаў, таму патрэбны час на рэакцыю, на падлёт да месца.

З пазыцыяй Анатоля Карнукова салідарны і беларускі палкоўнік Шэрыс:

(Шэрыс: ) “Дык гэтая сыстэма адпрацаваная. Калі парушаецца паветраная прастора, безумоўна, праціўнік зьнішчаецца. Гэта ўсё зразумела — якія пытаньні тут могуць быць? Ці вы хочаце сказаць, што мы дапусьцім пралёт над нашай тэрыторыяй беспакарана?”