ШАРАХ: “У СЭНСЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СЬВЯДОМАСЬЦІ ЦІ НЕЧАГА ТАКОГА – НУЛЬ.”

Аляксей Знаткевіч, Прага

(Шарах: ) “Уладзімер Фёдаравіч Матвяйчук нам вядомы ў Полацку як былы дырэктар 233-й вучэльні, якая рыхтуе кадры для "Шкловалакна". Апошнім часам, ужо гадоў зь дзесяць, напэўна, ён працуе намесьнікам дырэктара па кадрах, і нядаўна зьявіўся дадатак "і па ідэалягічнай рабоце". Яшчэ цікава ў яго біяграфіі тое, што ён вучыўся некалі ў інстытуце разам з нашым цяперашнім прэзыдэнтам. Некалі падчас прыезду прэзыдэнта ў Полацак яны сустрэліся як сябры. Напэўна, з таго часу ён пра яго памятае. Ну, а адукацыя ў яго, як у прэзыдэнта, вучыліся разам, таму ён можа працаваць дзе заўгодна”.

Мікола Шарах расказаў, што прызначэньне Матвейчука на новую пасаду супала зь вялікім скандалам на прадпрыемстве.

(Шарах: ) “У нас у Полацку ўвогуле цікавыя падзеі адбываюцца апошні тыдзень. Затрыманы спэцслужбамі, праваахоўнымі органамі, камэрцыйны дырэктар нашага прадпрыемства "Шкловалакно". Менавіта ў той дзень, калі яго затрымалі ўвечары – па тэлебачаньні, напэўна, не паказвалі, але ў тым жа стылі, што й Лявонава, проста ў кабінэце – і завезьлі ў Менск, у гэты ж дзень быў выкліканы ў Менск і Ўладзімер Фёдаравіч на сустрэчу з прэзыдэнтам”.

А вось як Мікола Шарах ацэньвае асобу новага кіраўніка дзяржаўнага тэлебачаньня.

(Шарах: ) “Выхаваньне ў яго старой намэнклятуры. Магу выказаць свой погляд. Як намесьніку старшыні свабоднага прафсаюзу, мне даводзіцца кантактаваць з усімі кіраўнікамі, якія ёсьць на заводзе. З большасьцю меў розныя сустрэчы з розных нагодаў – Матвяйчук быў ня горшы, альбо нават, я б сказаў, адзін зь лепшых.у сэнсе ўзаемаадносінаў, у сэнсе нейкага паразуменьня. Проста нармальна сустрэцца і пагаварыць зь ім заўсёды было прыемна. Ён чалавек роўнага характару, спакойнага. Ва ўзаемаадносінах зь ім дрэннага ў нас не было. Загартоўка, натуральна, старая, намэнклятурная, савецкая традыцыя. У сэнсе нацыянальнай сьвядомасьці ці нечага такога – нуль. Абсалютна ніякіх у яго на гэты конт думак няма”.

Гл. таксама
• ЛУКАШЭНКА ПРЫЗНАЧЫЎ КІРАЎНІКОМ ДЗЯРЖТЭЛЕРАДЫЁ ЎЛАДЗІМЕРА МАТВЕЙЧУКА