ЛУКАШЭНКА ПРЫЗНАЧЫЎ КІРАЎНІКОМ ДЗЯРЖТЭЛЕРАДЫЁ ЎЛАДЗІМЕРА МАТВЕЙЧУКА

Юры Сьвірко, Менск

Абвяшчаючы сваё рашэньне, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што спадар Матвяйчук мае “неацэнны досьвед у сфэры ідэалёгіі, якім не валодае ніводзін зь дзейных сябраў ураду”.

Паводле спадара Лукашэнкі, новы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі – чалавек інтэлектуальны, дасьціпны, які ўмее працаваць зь людзьмі, здольны сыстэмна арганізаваць працу.

“Ёсьць такая праца, якую трэба выцягнуць”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка й дадаў, што “для дзяржавы – гэта найважнейшы ўчастак”.

Ён таксама сказаў, што часта чуваць папрокі з тае нагоды, што ў Беларусі прэзыдэнцкае тэлебачаньне. На гэтыя папрокі спадар Лукашэнка адказаў гэтак: “Я не магу дазволіць разгул анархіі ў сродках масавай інфармацыі, тым больш на асноўных тэлевізійных каналах”.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў усімі захадамі падтрымліваць новага кіраўніка і калектыў Белтэлерадыёкампаніі.

Да гэтага нечаканага кадравага рашэньня дзяржава 11 верасьня летась прызначыла Ўладзімера Матвейчука сваім прадстаўніком у складзе назіральнай рады акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно”. На гэтым прадпрыемстве сярод іншых ідэалягічных сфэраў ён адказваў за спорт.

Сябры заводзкае суполкі Свабоднага прафсаюзу скардзіліся, што спорт спадар Матвейчук не падтрымліваў. “За ўдзел у забегу на гарадзкім Дні здароўя нас заахвоціў спадар Матвяйчук. Дастаў са сваёй партманэткі 30 тысячаў рублёў і даў нам – Пасьвяткуйце! Крыўдна за прадпрыемства!” – такую цытату падае сайт суполкі Свабоднага прафсаюзу “Полацак-Шкловалакна”.

Варта нагадаць, што за вольнае распараджэньне грашыма пацярпеў папярэдні кіраўнік Дзяржтэлерадыё Ягор Рыбакоў. Яго арыштавалі й трымаюць за кратамі пасьля абвінавачваньняў у процізаконнай дзейнасьці – пракуратура інкрымінуе спадару Рыбакову хабарніцтва. Паводле генпракурора Віктара Шэймана, у Ягора Рыбакова знайшлі 100 тысячаў даляраў.

Гл. таксама
ЯГОР РЫБАКОЎ ЗВОЛЬНЕНЫ З ПАСАДЫ СТАРШЫНІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ
БЫЛЫ СТАРШЫНЯ БЕЛТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ ЎТРЫМЛІВАЕЦЦА ПАД ВАРТАЙ У МЕНСКІМ СЬЛЕДЧЫМ ІЗАЛЯТАРЫ