25-гадовы Аляксандар упершыню пабачыў Тайвань два гады таму, калі прыехаў сюды на стажыроўку. Цяпер ён ужо добра разумее мясцовых жыхароў, слухае лекцыі, што чытаюць па-кітайску. А пачыналася ўсё ў Менску, гаворыць Аляксандар Дуянкоў:
(Дуянкоў: ) “Пачынаў вывучаць кітайскую мову я ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Цяпер вучуся на кітайскай мове і хачу добра ёю валодаць”.
Асьпірант зь Беларусі на ўласныя вочы назіраў за выбарамі. І ён лічыць, што выбары тут адпавядаюць дэмакратычным стандартам:
(Дуянкоў: ) “Першае, што мяне ўразіла на гэтых выбарах — адкрытасьць выбарчага працэсу. Падчас падліку бюлетэняў кожны канал тэлебачаньня паказваў літаральна кожную хвіліну, як аддаюцца галасы кандыдатам. Перамог цяперашні прэзыдэнт Тайваню Чэнь Шуйбэнь — прадстаўнік Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі. Ягоны супернік, лідэр нацыяналістычнай партыі Лянь Чан падаў заяву ў Вярхоўны суд з патрабаваньнем лічыць вынікі выбараў несапраўднымі. Цікава тое, што сёньня ўначы прайшла дэманстрацыя апазыцыі. Апазыцыянэры напісалі на будынку МЗС Тайваню розныя лёзунгі. Паказальна, што сур’ёзна ніхто не пацярпеў. Вось так дэмакратычна прайшлі выбары ў Азіі, на Тайвані”.
Я спытаў беларускага асьпіранта пра тое, як рэагуюць жыхары выспы на магчымую вайсковую апэрацыю кантынэнтальнага Кітаю, пра што пішуць некаторыя мэдыі, у прыватнасьці, газэта “South China Morning Post”, якая выдаецца ў Ганконгу. Газэта не выключае высадкі акупацыйных войскаў на Тайвані. Паводле майго суразмоўцы, верагоднасьць нападу невялікая:
(Дуянкоў: ) “Мала хто верыць, што Кітай пойдзе на такі крок. Ніякіх рэзкіх заяваў з боку лідэраў Тайваню на адрас КНР не было”.
Пра дачыненьні Беларусі і Тайваню спадар Дуянкоў кажа:
(Дуянкоў: ) “У Беларусі працуе эканамічная місія Тайваню. Але Беларусь ня мае сваіх прадстаўнікоў на высьпе, у той час як многія краіны Эўропы, Расея, Злучаныя Штаты Амэрыкі маюць на Тайвані эканамічныя і гандлёвыя місіі. Апошнім часам штогод беларускія студэнты прыяжджаюць сюды на стажыроўку, вывучаюць кітайскую мову. Таму вельмі хацелася б, каб нашыя краіны паглыблялі свае адносіны”.
Абсалютна дакладна адказаць на пытаньне, колькі цяпер беларусаў на Тайвані, паводле Аляксандра Дуянкова, немагчыма: такой афіцыйнай статыстыкі не існуе. Спадар Дуянкоў знаёмы зь некаторымі беларускімі дзяўчатамі, што выйшлі замуж за жыхароў выспы. Стала тут жывуць, паводле ягоных назіраньняў, ня больш за некалькі дзясяткаў грамадзянаў Беларусі.