НАВІЧКІ NATO СУСТРЭЛІСЯ Ў БРАЦІСЛАВЕ, АБМЕРКАВАЛІ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ

Натальля Судлянкова, Прага

Варта адзначыць, што асноўнай задачай канфэрэнцыі было разьмеркаваньне далейшых сфэраў уплыву ў Паўночна-атлянтычным альянсе. Я нагадаю нашым слухачам, што “Віленская дзясятка” – гэта 10 краінаў, якія аб’ядналіся, каб разам працаваць над супольнай палітыкай далучэньня да НАТО.

Сем з гэтых дзесяці краінаў уступяць у альянс 2 красавіка, тры – Альбанія, Македонія і Харватыя спадзяюцца на тым самым саміце атрымаць афіцыйнае запрашэньне.

Удзельнікі сустрэчы, сярод якіх былі таксама прадстаўнікі іншых краінаў-сябраў альянсу вырашылі, што далей гэтак званая спонсарская дапамога, так званы, патранаж над будучымі сябрамі НАТО пойдзе з боку сямі новых чальцоў. Такім чынам Славаччына будзе лабіраваць інтарэсы Харватыі, Македоніі й Альбаніі, Румынія – Грузіі й гэтак далей.

Беларусь абмяркоўвалася асобна. Так бы мовіць, адвакатамі Беларусі сталі кіраўнікі ўрадаў прыбалтыйскіх краінаў і Польшчы.

На канфэрэнцыі адзначалася, што Беларусь таксама належыць да адзінай эўрапейскай і эўраатлянтычнай прасторы, таму вельмі важна, каб краіна прайшла сваім шляхам да дэмакратыі – а потым і да НАТО.

У канчатковай заяве канфэрэнцыі яе ўдзельнікі асабліва адзначылі маючыя адбыцца ўвосень у Беларусі парлямэнцкія выбары. У гэтай заяве адзначаецца: “Настойваем на правядзеньні ў кастрычніку свабодных і справядлівых парлямэнцкіх выбараў, якія будуць праводзіцца пад маніторынгам міжнародных назіральнікаў”.

Канфэрэнцыяў, на якіх уздымалася б беларускае пытаньне, адбываецца апошнім часам даволі шмат. Але ёсьць прынцыповае адрозьненьне у выніках менавіта гэтай сустрэчы. Па-першае, цяпер ужо зразумела, якія менавіта краіны будуць аказваць дапамогу Беларусі ад імя альянсу. Я маю на ўвазе, так бы мовіць, штодзённую дапамогу. У першую чаргу, гаворка ідзе пра балтыйскія краіны. Па-другое, некаторыя з гэтых краінаў не адхіляюць варыянтаў супрацоўніцтва зь сёньняшняй афіцыйнай уладай у Менску. Так, напрыклад, адразу ў пятніцу паводле паведамленьня агенцтва BNS, прэсавы сакратар міністэрства замежных справаў Эстоніі заявіў, што "Талін ня будзе далучацца да візавага байкоту, які краіны Эўразьвязу завялі ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі". У размове з агенцыяй БНС прэсавы сакратар падкрэсьліў, што "перашкодаў на ўезд у Эстонію для кіраўнікоў Беларусі няма".