У адмысловай заяве, распаўсюджанай з нагоды сьвята, сябры Беларускага Зьвязу ў Польшчы – арганізацыі, якая наладзіла ўрачыстую вечарыну ў Беластоку, напісалі, што чарговыя ўгодкі абвяшчэньня БНР узмацняюць іхную надзею на адраджэньне незалежнай і дэмакратычнай беларускай дзяржавы.
На сьвяткаваньні прыйшлі каля сотні жыхароў Беластоку. Прамаўляючы на адкрыцьці вечарыны, старшыня Беларускага Зьвязу Яўген Вапа прыгадаў прысутным трагічны лёс Беларускай Народнай Рэспублікі, якая сталася ахвярай польска-бальшавіцкай вайны.
Паводле гісторыка прафэсара Яўгена Мірановіча, хаця незалежнасьць Беларусі на пачатку ХХ стагодзьдзя і не ўдалося абараніць, але вялізнае значэньне мелі прынятыя тады сымбалі незалежнасьці беларускай дзяржавы – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, якія дагэтуль прызнаюць беларусы ва ўсім сьвеце.
Гаворыць прафэсар Алег Латышонак – вядомы гісторык і беларускі дзеяч зь Беласточчыны.
(Латышонак: ) “25 сакавіка – гэта найважнейшая дата, паколькі тады была вызначаная галоўная задача – стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы. Спатрэбілася менш за стагодзьдзе, каб гэта зрабіць”.
На Беласточчыне Дзень Волі адзначаецца ад сярэдзіны 1980-х. У тыя часы ў Польшчы, улады ставіліся да гэтага сьвята адмоўна. Працягвае Алег Латышонак.
(Латышонак: ) “Мы ў бясьпецы можам сьвяткаваць Дзень Волі, але і ў нас былі часы, калі гэта было нелегальна. Першы раз на сьвяткаваньне ў Беластоку сабраліся ўсяго 7 чалавек. Сьвяткавалі па кватэрах, сярод сяброў. Так, як Дзень Волі цяпер сьвяткуецца цяпер ў Беларусі”.
Сёлета ў сьвяткаваньні бралі ўдзел госьці зь Беларусі – палітык Віктар Сазонаў і бард Зьміцер Сідаровіч.
На гэтым тыдні, у розных гарадох Польшчы адбудуцца таксама канцэрты, выставы і лекцыі, прысьвечаныя Дню Волі.
Матэрыялы пра сьвяткаваньне Дня Волі ў Польшчы, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Галяндыі ды іншых краінах будуць гучаць у нашых праграмах на працягу гэтага тыдня.