Супрацоўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі паведаміў Радыё Свабода, дзе знаходзіцца беларускі барэц Ібад Ахмедаў, затрыманы яшчэ 26 лютага:
(Супрацоўнік ФСБ: ) “Яны цяпер знаходзяцца ў Ляфортава”.
У Ляфортаўскай турме Масквы ўтрымліваюцца тыя, каго падазраюць у найбольш небясьпечных крымінальных, а таксама дзяржаўных злачынствах. Нагадаем, беларускі барэц Ібад Ахмедаў быў затрыманы разам з трэнэрам Аляксандрам Дуброўскім і грамадзянінам Катару Насерам Ібрагімам Міхадзі ў міжнародным аэрапорце Шарамецьева. Падставай для затрыманьня стала тое, што катарац Міхадзі спрабаваў вывезьці незадэкляраваныя 7 тысяч даляраў. Пасьля разьбіральніцтва Аляксандра Дуброўскага вызвалілі, а вось Ахмедаў і Міхадзі ўжо больш за 20 дзён знаходзяцца пад вартай. Толькі цяпер ФСБ Расеі прызнала: абодва спартоўцы ўтрымліваюцца гэтай спэцслужбай. Зьвесткі пра тое, што Ахмедаў і Міхадзі падазраюцца ў арганізацыі тэракту ў маскоўскім мэтро, супрацоўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў ФСБ абверг, але гэтак і не ўдакладніў, што ж інкрымінуецца затрыманым. Хоць раней ФСБ падазравала катарцаў у сувязях з тэрарыстамі.
Мэдыі зьвязваюць затрыманьне спартоўцаў з арыштам у Катары двух супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якія нібыта спрычыніліся да арганізацыі забойства экс-прэзыдэнта Чачэніі Зелімхана Яндарбіева. Паводле мэдыяў, расейцы разьлічваюць абмяняць затрыманых грамадзянаў Катару на сваіх суайчыньнікаў, дзеля таго і выставілі ім абвінавачаньне ў тэрарызьме.
Між тым, Ібад Ахмедаў адначасова мае і беларускае грамадзянства. Ён, аднак, не заяўляе сябе грамадзянінам Беларусі, чым беларускія дыпляматы тлумачаць адсутнасьць свайго інтарэсу да гэтай асобы.
(Шупляк: ) “Ён сам сьвядома ідэнтыфікуе сябе грамадзянінам Катару, прад’яўляе расейскім уладам пашпарт грамадзяніна гэтай краіны”, — патлумачыў Андрэй Шупляк, кіраўнік аддзелу інфармацыйнага забесьпячэньня беларускага Міністэрства замежных справаў.
Калі пры канцы лютага стала вядома аб затрыманьні Ібада Ахмедава і Аляксандра Дуброўскага, беларускі МЗС пацьвердзіў іх беларускае грамадзянства і паабяцаў усю неабходную юрыдычную падтрымку. Цяпер у беларускай амбасадзе ў Маскве прызнаюць, што больш не цікавяцца лёсам Ібада Ахмедава.
Тым часам расейская газэта “Коммерсант” сьцьвярджае, што Ібада Ахмедава і Насера Ібрагіма Міхадзі ФСБ перадаў МЗС Расеі і яны нібыта “жывуць недзе на эмзээсаўскім лецішчы, чакаючы абмену”. Паводле “Коммерсанта”, гэтыя зьвесткі паведаміў супрацоўнік ФСБ і пацьвердзіла крыніца ў расейскім МЗС. “Нам нічога невядома. Увогуле як гэта магчыма, каліі ў МЗС няма месцаў для затрыманых!?” — абураўся на мае пытаньні кіраўнік аддзелу апэратыўнай інфармацыі расейскага Міністэрства замежных справаў Уладзімер Ашуркаў.
Арабскія мэдыі пішуць, што арыштаваныя ў Катары расейцы прызналіся ў арганізацыі забойства Яндарбіева і паведамілі шмат сакрэтнай інфармацыі. Гэтым агентам сапраўды пагражае сьмяротная кара, калі іх неяк ня вызваляць з Катару.