НА АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКУ ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ЗА ПАКЛЁП НА ПРЭЗЫДЭНТА

Галіна Абакунчык, Менск

Паводле афіцыйнай інфармацыі, крымінальная справа распачатая ў выніку хадайніцтва групы грамадзянаў. Аднак лідэр АГП перакананы, што гэта зроблена на загад вышэйшага кіраўніцтва, каб перашкодзіць ягонай палітычнай дзейнасьці.

Анатоль Лябедзька атрымаў позву, паводле якой ён мусіць зьявіцца ў Менскай гарадзкой пракуратуры разам са сваім адвакатам. Гэта азначае, што крымінальная справа прынятая да разгляду. Падставай жа сталася інтэрвію праграме Мікалая Сванідзэ, якое кіраўнік АГП даў у часе газавага канфлікту паміж Беларусьсю й Расеяй. У прыватнасьці, ён крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за недальнабачную эканамічную палітыку, адсутнасьць кантролю за ценявым бюджэтам, замоўчваньне праўды пра зьніклых палітыкаў. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Тое, пра што было сказана ў тэлеперадачы, я і мае калегі гаварылі цягам 5–7 гадоў. Але, калі пра гэта гавораць людзі на кухні ці ў грамадзкім транспарце — гэта адно. А калі гэта выходзіць на мільённую аўдыторыю і мае водгук у 75% насельніцтва, то гэта зусім іншае. Трэба, каб была ўведзеная самацэнзура ня толькі ў СМІ, але й сярод палітыкаў. Я думаю, што ўлада гэтага дамагаецца ад мяне асабіста. Натуральна, што гэта ў зьвязку зь дзейнасьцю народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”.

Паводле спадара Лябедзькі, ягонае цяперашняе становішча ўскладняецца і тым, што супраць яго два гады таму распачатая і прыпыненая яшчэ адна крымінальная справа за абразу прэзыдэнта. Гэтаксама было афіцыйнае папярэджаньне Камітэту дзяржбясьпекі паводле артыкулу аб здрадзе радзіме. Цяпер усе тры справы могуць быць аб’яднаныя. Пра мажлівасьць пакараньня, якое пагражае спадару Лябедзьку, гаворыць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Ад штрафу і абмежаваньня волі, але самая максымальная санкцыя паводле гэтага артыкулу — гэта асуджэньне да чатырох гадоў зьняволеньня. Акрамя таго, падчас вядзеньня крымінальнай справы, чалавек мусіць прыходзіць на допыты ў пракуратуру, супраць яго можа быць абраная падпіска аб нявыезьдзе, але самая жорсткая мера — гэта арышт і зьняволеньне”.

Раней паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу аб абароне гонару й годнасьці прэзыдэнта на два гады абмежаваньня волі былі асуджаныя журналісты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, журналіст і палітык Віктар Івашкевіч. Два гады ўмоўнага зьняволеньня атрымала таксама грамадзкая актывістка Аксана Новікава.