ЧАМУ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ НЕ ЗАПРАШАЮЦЬ З АФІЦЫЙНЫМІ ВІЗЫТАМІ Ў ЭЎРОПУ?

Галіна Абакунчык, Менск

Адказаць на пытаньне: чаму Аляксандра Лукашэнку не запрашаюць з афіцыйным візытам у эўрапейскія краіны — пагаджаліся ня ўсе сустрэтыя мінакі. Некаторыя адмаўляліся выказвацца пра Лукашэнку ўвогуле, некаторыя разважалі толькі пры выключаным мікрафоне. Аднак былі й суразмоўцы, што не пабаяліся выказваць свае думкі адкрыта.

(Спадар: ) “Я ня ведаю, чаму беларускі прэзыдэнт не бывае ў эўрапейскіх краінах, бо ня надта дасьведчаны ў палітыцы”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ён надта катэгарычна выказваецца ў прэсе, на тэлебачаньні й радыё. Можа, варта было бы мякчэйшым быць, мо яму бы на карысьць пайшло?”

(Спадар: ) “Усялякае запрашэньне павіннае быць заслужанае. Вось так”.

(Юначка: ) “Мне падаецца, што ягоная палітыка не задавальняе вельмі многія краіны. Шмат кажуць пра адсутнасьць свабоды слова ў Беларусі. Таму й не запрашаюць”.

(Спадар: ) “Ён зьяўляецца гарантам Канстытуцыі. Калі Канстытуцыя парушаецца, то ён ужо не гарант. Паколькі пазыцыя эўрапейскіх краінаў прынцыповая ў пляне выкананьня канстытуцыйных абавязкаў, то яны пасьлядоўна і адказваюць на паводзіны прэзыдэнта Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, чаму Аляксандра Лукашэнку не запрашаюць з афіцыйным візытам у эўрапейскія краіны?”

(Спадар: ) “Ня ведаю, пэўна, ёсьць нейкія асаблівасьці характару ці паводзінаў, з-за якіх яго не запрашаюць. То разагнаў АБСЭ, то ізноў запрасіў — непасьлядоўная палітыка. Адпаведна — які можа быць давер? Шкада, канечне”.

(Юнак: ) “Пэўна, у краінах Эўропы, на Захадзе склаўся адпаведны імідж нашага прэзыдэнта. Ня вельмі яго любяць, а таму й не запрашаюць”.

(Юначка: ) “Я лічу, з-за таго, што шмат разоў розныя канфліктныя сытуацыі здараліся. Многім не падабаецца і тое, што ён зьмяняе Канстытуцыю, што, нібыта, будзе на трэці тэрмін пераабірацца. Дый ён, падаецца, сам ня вельмі імкнецца да Эўропы”.

(Спадар: ) “Я проста не ўяўляю, што можа прапанаваць прэзыдэнт Беларусі дакладна. Я разумею, што ёсьць традыцыі канстытуцыйныя, парлямэнцкія і прававыя, але ёсьць й кіраўнік Лібіі, які ў пляне захаваньня Канстытуцыі таксама ня надта адпавядае патрабаваньням Эўропы, але ім ёсьць што прапанаваць. То бок, каб у Беларусі быў вялікі, вялікі нафтавы гейзэр, то з намі размаўлялі бы крыху інакш. У нас яго няма, а калі адкапаем, то й запрашаць будуць”.

(Юнак: ) “На маю думку, Эўразьвяз ня бачыць Беларусь як самастойную краіну, але як расейскую правінцыю. Ён ня бачыць ніякага разьвіцьця ў нашай дзяржаве і нават не спрабуе далучыць да Эўразьвязу. Таму прэзыдэнта Беларусі там не ўспрымаюць як прэзыдэнта, а таму й не запрашаюць”.

(Юнак: ) “Таму што эўрапейскім краінам не падабаецца палітыка Лукашэнкі да тых жа краінаў Эўропы. Таксама недастаткова дэмакратыі ў Беларусі. Павінны быць такі прэзыдэнт, які бы разумеў, што ён прэзыдэнт краіны, дзе людзі жадаюць жыць у супольнасьці з Эўропай”.