ЛІТОЎСКІЯ ПАМЕЖНІКІ ЗАТРЫМАЛІ ПАРУШАЛЬНІКА ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Першымі сьляды сьнегаходу ў памежнай зоне заўважылі літоўскія памежнікі. Гэта было ў Варэнскім рэгіёне Літвы, сьляды сьнегаходу паказвалі, што парушальнік прыехаў у Літву зь Беларусі. Беларускія памежнікі, зь якімі тэрмінова зьвязаліся іх літоўскія калегі, таксама пацьвердзілі, што на прылеглым памежным участку ёсьць сьляды сьнегаходу, які скіроўваўся ў Літву. Далей усё залежала ад літоўскіх ахоўнікаў мяжы: яны наладзілі пошукі — і ў суседнім Шальчынінкайскім рэгіёне знайшлі моцны сьнегаход, а потым затрымалі чалавека, які карыстаўся машынай для незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Літвы. Ім аказаўся літоўскі грамадзянін, характар ягонай дзейнасьці высьвятляецца.

Адмыслоўцы лічаць, што гэта не звычайны кантрабандыст з тых, што перавозяць празь мяжу танную беларускую гарэлку ці цыгарэты. Ня выключана, што парушальнік перавозіў наркотыкі альбо нелегальных мігрантаў. Гэты бізнэс на літоўска-беларускай мяжы самы прыбытковы, і багата тых, хто ім займаецца, нягледзячы на вялікую рызыку. Восеньню мінулага году на тэрыторыі Беларусі побач зь літоўскай мяжой сярод аскепкаў лёгкага літоўскага самалёта былі знойдзеныя парэшткі пілёта і двух пасажыраў. Ня выключана, што на самалёце спрабавалі трапіць у Літву і далей у Эўропу незаконныя мігранты.

Што да перасячэньня мяжы на сьнегаходзе, гэта першы выпадак выкарыстаньня такога транспартнага сродку на літоўска-беларускай мяжы. Магчыма, паспрыяла вельмі сьнежная сёлетняя зіма, а таксама й тое, што сьнегаходы ўсё шырэй уваходзяць ва ўжытак. Дарэчы, зь вядомых беларусаў у карыстаньні сьнегаходам пакуль быў заўважаны толькі адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка. У лютым гледачы беларускіх тэлеканалаў маглі назіраць, як кіраўнік Беларусі на сьнегаходзе штурмуе сумёты ў Лагойскім раёне.