Пасьля таго, як кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен пабываў у Рызе на канфэрэнцыі ў справе беларускай сытуацыі, МЗС Беларусі выклікала ягонага намесьніка ды заявіла пра непажаданасьць такіх паездак. Але Гайды Сьміт заявіла журналістам, што амбасадар Гайкен і надалей будзе прысутнічаць на такіх канфэрэнцыях.
На наступным тыдні спадар Гайкен паедзе ў Брусэль на запрашэньне рабочай групы Эўразьвязу ў справе АБСЭ й Рады Эўропы — там ён зробіць даклад пра сытуацыю ў Беларусі. А па дарозе ў Брусэль кіраўнік менскага офісу спыніцца ў Вене, дзе ў штаб-кватэры АБСЭ сустрэнецца зь дзейным старшынём гэтай арганізацыі — міністрам замежных справаў Баўгарыі Саламонам Пасі.
Раней Эбэргарда Гайкена не запрасілі на сустрэчу беларускага міністра замежных справаў з баўгарскім амбасадарам Найдзенавым, што выклікала нэгатыўную рэакцыю з боку офісу АБСЭ ў Менску — як сказала Гайды Сьміт, там абмяркоўваліся не беларуска-баўгарскія двухбаковыя дачыненьні, таму варта было запрасіць кіраўніка офісу на гэтую размову.
Сёлета ў Беларусі пройдуць парлямэнцкія выбары, але ў офісе АБСЭ дагэтуль ня ведаюць, што будуць рабіць напярэдадні гэтай важнай кампаніі. Паводле Гайды Сьміт, яе калегі спрабавалі прадставіць старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай адпаведныя прапановы ад БДІПЧ — Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ:
(Сьміт: ) “Амбасадар Гайкен і Вадзім Целін, які адказвае за чалавечае вымярэньне, сустрэліся са спадарыняй Ярмошынай, каб абмеркаваць такія пытаньні як, напрыклад, правядзеньне сэмінару наконт рэформы Выбарчага кодэксу. Наколькі я ведаю, гэтай ідэі спадарыня Ярмошына не вітала. Удзел БДІПЧ у мажлівых трэнінгавых сэмінарах для назіральнікаў на выбарах таксама абмяркоўваўся, але спадарыня Ярмошына сказала, што было бы заўчасна праводзіць гэтыя сэмінары, бо выбарчыя камісіі яшчэ ня створаныя”.
Гайды Сьміт паведаміла, што БДІПЧ АБСЭ працягвае спробы дамовіцца зь беларускімі ўладамі.
Яна таксама пазнаёміла журналістаў зь біяграфіяй новага прадстаўніка АБСЭ ў справе свабоды сродкаў масавай інфармацыі Міклаша Харасьці, які зьмяніў на гэтай пасадзе Фраймута Дувэ.
Грамадзянін Вугоршчыны Міклаш Харасьці нарадзіўся ў студзені 1945 году ў Ерусаліме, скончыў Будапэшцкі ўнівэрсытэт у 1970 годзе ды пасьля займаўся самвыдатам. Ён публікаваў вершы і песьні, за што трапіў пад паліцэйскі нагляд і працаваў пасьля ўнівэрсытэту апэратарам машынаў на трактарным заводзе. У 1976 годзе быў заснавальнікам дэмакратычнай апазыцыі, а ў 1990 годзе быў абраны дэпутатам парлямэнту Вугоршчыны, дзе займаўся пытаньнямі свабоды СМІ й распрацаваў закон аб аўтаноміі Вугорскага радыё й тэлебачаньня. У 1997 годзе парлямэнт прызначаў яго сябром назіральнай рады Вугорскага радыё, а ў траўні 2002 году — такой жа рады тэлебачаньня Вугоршчыны. З гэтай пасады былы дысыдэнт і перайшоў працаваць прадстаўніком АБСЭ ў справе свабоды сродкаў масавай інфармацыі.