Паведамленьне пра вызваленьне Васіля Даўгалёва сталася вялікай нечаканасьцю для большасьці чыноўнікаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Хаця яшчэ на мінулым тыдні ў прыватных размовах з журналістамі яны казалі пра пэўныя кадравыя перамены ў кіраўніцтве. У прыватнасьці, сваіх пасадаў павінны былі пазбавіцца некаторыя намесьнікі Даўгалёва. Паводле некаторых зьвестак, іхнай адстаўкі патрабаваў генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман.
Падчас справаздачы кіраўніцтва Берасьцейскай вобласьці перад Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў сярэдзіне лютага, спадар Шэйман абвінаваціў некаторых чыноўнікаў абласной вэртыкалі ў злоўжываньнях. Лукашэнка тады загадаў у самы кароткі тэрмін прыняць неабходныя кадравыя рашэньні.
Аднак падчас сёньняшняй нарады пра злоўжываньні берасьцейскіх чыноўнікаў ужо не згадвалася. Адстаўку старшыні аблвыканкаму Аляксандар Лукашэнка патлумачыў неабходнасьцю узмацніць так званы “расейскі кірунак” у беларускай палітыцы. Лукашэнка ня выключыў, што Васілю Даўгалёву будзе прапанаваная пасада прэзыдэнцкага прадстаўніка ў Расеі.
Пра тое, чым была адметная дзейнасьць спадара Даўгалёва на Берасьцейшчыне распавядае кіраўнік мясцовай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Анатоль Ляўковіч:
(Ляўковіч: ) “Васіля Даўгалёва Лукашэнка накіраваў на Берасьцейшчыну як чужака. Такім ён, на мой погляд, і быў на самой справе – ня толькі сярод вэртыкальшчыкаў, але і для простых людзей. А тым больш для апазыцыі, з якой ён за чатыры гады ні разу не сустрэўся. Яго знаходжаньне на пасадзе кіраўніка вобласьці людзі ўзгадваюць у сувязі з аварыямі, падчас якіх загінулі два чалавекі (у тым ліку маладая настаўніца, у якой засталося сіратой малое дзіцё). Ня мог ён стаць блізкім для жыхароў вобласьці і таму, што падчас ягонага кіраўніцтва мы маем самыя вялікія кошты за камунальныя паслугі і самыя маленькія заробкі ў Беларусі”.
Новым старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму прызначаны Канстанцін Сумар, які апошнія гады кіраваў падатковым міністэрствам. У Менск спадар Сумар у свой час трапіў менавіта зь Берасьця, калі ўзначальваў тут мясцовы райвыканкам. Ужо сёньня ўвечары ён быў прадстаўлены супрацоўнікам абласной вэртыкалі.