“ЗЯЛЁНЫЯ КАЛІДОРЫ” ЭЎРОПЫ – ГРУЗАВАЯ МАШЫНА ПРАХОДЗІЦЬ МЯЖУ ЗА 5 ХВІЛІНАЎ

Натальля Судлянкова, Прага

Першы намесьнік старшыні расейскага мытнага камітэту Леанід Лазьбенка паведаміў, што мытныя службы Польшчы, Украіны й Казахстану выказалі жаданьне далучыцца “Зялёнага калідору”.

Расея, Швэцыя і Фінляндыя стварылі прынцыпова новую тэхналёгію пропуску грузаў празь мяжу. Фактычна цяпер машына з грузам у рамках гэтай сыстэмы праходзіць праз памежны пункт літаральна за 5 хвілінаў. Адметнасьць праекту палягае ў тым, што літаральна ад першай хвіліны маршруту інфармацыя пра гэтую машыну ёсьць у агульнай кампутарнай сыстэме мытных службаў.

Мытнае афармленьне адбываецца ў аўтаматычным рэжыме. Электронная сыстэма працуе без удзелу мытнікаў. Уласна кажучы, роля супрацоўнікаў мытнай службы ў сыстэме “Зялёнага калідору” палягае толькі ў кантролі нумароў і плёмбаў на грузе.

Стваральнікі гэтай сыстэмы сьцьвярджаюць, што яна выключае магчымасьць падмены дакумэнтаў, а таксама вырашае сумнавядомую праблему карупцыі сярод супрацоўнікаў мытнай службы.

Беларусі пакуль ў сьпісе ўдзельнікаў праекту няма. Фактычна з поўначы Эўропы аўтамабілі паедуць на поўдзень па-за межамі Беларусі.

Беларусь заяўляла аб сваім жаданьні далучыцца да праекту “Зялёнага калідору Эўраазіяцкага эканамічнага зьвязу”, маючы на ўвазе мытны зьвяз з Расеяй. Аднак, апошнім часам усё часьцей беларускія мытнікі ўзгадваюцца ў зьвязку з маштабнымі канфіскацыямі тавараў.

Паводле зьвестак “Белорусской деловой газеты” апошнім часам былі канфіскаваныя тавары на суму 250 мільёнаў даляраў.

Беларускія мытнікі звычайна тлумачаць гэта махлярствам у афармленьні тавараў. Але вось што сказаў былы аташэ ў пытаньнях транспарту чэскай амбасады ў Маскве Здэнек Герстнер.

(Герстнер: ) “Беларускія мытнікі гавораць, што ў Расеі адбыліся зьмены ў інструкцыях, а беларускі бок яшчэ не атрымаў новы варыянт. Напрыклад, зьмяніліся адрасы мытных пунктаў. І на падставе гэтага не прапускаюць нашыя грузы. Але расейцы на наш запыт інфармацыю пра зьмены ў інструкцыях абверглі”.

Калі паглядзець на сьпіс ўдзельнікаў праекту “Зялёны калідор”, то складваецца такое ўражаньне, што Беларусь застаецца проста нейкай белай плямай на мапе Эўропы. Нават насуперак таму, што транзыт празь Беларусь – самы кароткі шлях з Расеі ў Эўропу.

Беларусь можа атрымаць вялікія матэрыяльныя страты. Напрыклад, калі новыя ўдзельнікі далучацца да “Зялёнага калідору”, можа рэзка скараціцца колькасьць машын на першай і пакуль адзінай платнай беларускай аўтамагістралі – М1.

На рэстаўрацыю гэтай шашы Беларусь брала крэдыт 50 мільёнаў даляраў у Эўрапейскім банку рэканструкцыі й разьвіцьця. Крэдыт трэба вярнуць да 2007 году, і бізнэс-плян рэканструкцыі прадугледжваў вяртаньне запазычанасьці менавіта за кошт плацяжоў за праезд па М1.