АНДЖЭЙ ЛЕПЭР – “ПОЛЬСКІ ЛУКАШЭНКА”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Анджэй Лепэр – гэта фэрмэр, які ў сярэдзіне дзевяностых быў стваральнікам і лідэрам сялянскага прафсаюзу “Самаабарона”. Ён праславіўся ў Польшчы шматлікімі блякадамі дарогаў. Два з паловай гады таму, у часе парлямэнцкіх выбараў “Самаабарона” высунула сваіх кандыдатаў у Сэйм і нечакана для ўсіх здолела атрымаць даволі шмат дэпутацкіх мандатаў.

Анджэй Лепэр – харызматычны аратар, але ён амаль заўсёды адыходзіць ад тэмы і, замест таго, каб падаваць факты, грае на эмоцыях, прыкладам, абяцае высокія пэнсіі. Ужо ў парлямэнце Лепэр шматкроць абвінавачваў усіх – і левых, і правых – у тым, што яны прадалі Польшчу, што шмат каго трэба пасадзіць у турму, а народу вярнуць тое, што палітыкі, якія прадаліся Захаду, ў яго нібыта скралі.

Адметна, што Анджэй Лепэр выступае за больш актыўныя дачыненьні з Расеяй і супраць далучэньня Польшчы да Эўразьвязу. Лідэр “Самаабароны” мае таксама сталага ворага – выбітнага польскага эканаміста Лешка Бальцэровіча. Гэткія лёзунгі, напэўна, добра вядомыя беларусам. Вось менавіта таму Анджэя Лепэра часам і завуць польскім Лукашэнкам.

Прапаную паслухаць урывак зь нядаўняй прамовы Анджэя Лепэра ў Сэйме на адрас віцэ-прэм’ера і міністра гаспадаркі Польшчы.

(Лепэр: ) “Спадар міністар, вы маеце тытул прафэсара і што, думаеце, што ў Польшчы адныя ідыёты жывуць? Гэтак і Бальцэровіч думае. Вы толькі цяпер зразумелі што дзяржава павінна зрабіць варункі для бізнэсу? Чытайце больш, вы ж разумны чалавек. Так, павінна быць больш прыватнай уласнасьці, але стратэгічныя прадпрыемствы мусяць застацца пад кантролем дзяржавы. Калгас, якім калісьці кіраваў адзін з прысутных тут дэпутатаў, быў у свой час прыкладам для Амэрыкі – не маглі на яго наглядзецца. Чаго вы сьямецеся? Гэта вам сьмешна?”

За два з паловай гады знаходжаньня ў парлямэнце, папулярнасьць “Самаабароны” значна павысілася. Цяпер гэтая партыя займае другое мейсца ў рэйтынгах. Паводле адмыслоўцаў, Лепэр, якога цяпер гатовыя падтрымаць нават да 25% палякаў, увесь час атрымлівае электарат, які адыходзіць ад кіруючага цяпер Саюзу левых дэмакратаў. Такім чынам, у наступных выбарах, упершыню ў найноўшай гісторыі Польшчы за ўладу будуць змагацца ня правыя – былая “Салідарнасьць” і левыя – былыя камуністы, а правыя і “Самаабарона”.

Палітыкі, як правыя, так і левыя, лічаць, што перамога папулістаў з “Самаабароны”, якіх падтрымлівае найбольш расчараваная частка насельніцтва, будзе для краіны катастрофай, бо гэтыя людзі ня маюць ніякага інтэлектуальнага капіталу, каб кіраваць краінай.

Першымі бой “польскаму Лукашэнку” і ягонай дэмагогіі абвесьцілі правыя з найбольш папулярнай цяпер польскай партыі “Грамадзнская плятформа”, якія адкрыта заявілі пра гэта ўчора ў часе спатканьня ў Лодзі. Тут яшчэ варта дадаць, што зусім нядаўна з Анджэем Лепэрэм сустракаўся амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка.