Як распавёў Радыё Свабода старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі кіраўнік Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі будуць абмяркоўваць на сходзе падзеі, якія адбыліся ў Беларусі ад часу скліканьня Першага ўсебеларускага сходу інтэлігенцыі, што прайшоў летась 16 сакавіка. Спадар Колас адзначае, што цяпер нацыянальную інтэлігенцыю хвалюе праблема кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Размова ідзе пра стварэньне грамадзкага камітэту “За справядлівыя выбары”, у які аб’яднаюцца праваабаронцы, назіральнікі за выбарамі, кандыдаты і іх групы падтрымкі, а таксама сябры выбарчых камісіяў.
Удзел у паседжаньні Рады беларускай інтэлігенцыі бяруць каля ста вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — гэта Ўладзімер Колас, акадэмік Радзім Гарэцкі, былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, паэт Генадзь Бураўкін, былая тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка, пісьменьніца Вольга Іпатава, мастак Алесь Марачкін ды іншыя. На паседжаньне запрошаныя і прадстаўнікі дэпутацкай групы “Рэспубліка”. Плянуецца, што ўдзельнікі арганізацыйнага паседжаньня абмяркуюць пытаньне аб правядзеньні круглага стала, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі інтэлігенцыі Беларусі, Украіны і Расеі.
Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода аб месцы правядзеньня Другога сходу беларускай інтэлігенцыі, Уладзімер Колас адзначыў наступнае: “Мы ведаем, у якой краіне жывем, як ставяцца беларускія ўлады да інтэлігенцыі”. Аднак старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі ўпэўнены, што заля для правядзеньня сходу будзе, а калі яе ня знойдзецца ў Беларусі, дык ёсьць досьвед, калі інтэлігенцыя і беларуская грамадзкасьць знаходзілі памяшканьне і ў іншых краінах. Але спадар Колас упэўнены, што да гэтага справа ня дойдзе.