Марэк Юрэк – дэпутат парлямэнцкай фракцыі апазыцыйнай партыі “Закон і справядлівасьць”, сябра камісіі ў міжнародных справах.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Юрэк, як бы вы ацанілі ўсё больш актыўныя кантакты цяперашняга польскага ўраду з прадстаўнікамі ўраду Беларусі – спатканьні міністраў замежных справаў, а нават прэм’ераў? Ці гэта, на вашую думку, правільна?”
(Юрэк: ) “Мы – апазыцыйная партыя і гэта ня нашая палітыка. На нашую думку, польскае грамадзтва павінна актыўна кантактаваць з грамадзтвам беларускім, з грамадзкімі арганізацыямі, самаўрадамі. Патрэбныя кантакты і паміж палітычнымі партыямі абедзьвюх краінаў. Прыкладам, нашая партыя “Закон і справядлівасьць” мае блізкія кантакты зь Беларускім Народным Фронтам. У сваю чаргу з афіцыйным Менскам, на нашую думку, супрацоўнічаць ня трэба, пакуль у Беларусі ня будуць вернутыя дэмакратычныя правілы палітычнага жыцьця. Тое, што робіць польскі ўрад, мы адсочваем і нашае стаўленьне да гэтага – крытычнае”.
(Карэспандэнт: ) “Як зьменіцца палітыка наступнага польскага ўраду ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Ураду, які будзе створаны напэўна пры ўдзеле партыі “Права і справядлівасьць?”
(Юрэк: ) “Па-першае, мы зробім так, каб Польша пацьвердзіла сваю пазыцыю ў якой ясна гаварылася б пра тое, што Варшава чакае на дэмакратызацыю Беларусі. А па-другое, вельмі важна ўжо цяпер, можа праз кантакты беларускай і польскай апазыцыі, выпрацаваць канцэпцыю, плян супрацоўніцтва нашых народаў на той час, калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратыя і зьнікнуць тыя перашкоды, якія цяпер ёсьць на шляху да нармальнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. У будучым, гэтае супрацоўніцтва павінна быць як мага больш цеснае”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Юрэк, якія высновы, на вашую думку, павінна зрабіць Варшава з апошняга газавага канфлікту паміж Беларусяй і Расеяй? І як вы ставіцеся да таго, што ў Польшчы ніхто не абвінаваціў у праблемах з газам Беларусь?”
(Юрэк: ) “Гэта натуральна, што ў такой сытуацыі мы павінны абараняць свае інтарэсы, але таксама зьвяртаць увагу на пагрозу з боку Расеі і для нашых суседзяў. Яшчэ раз паўтаруся, што мы не падтрымліваем тое, што робяць ўлады ў Менску ў сфэры правоў чалавека. Але, стаўленьне да цяперашняй беларускай ўлады і да беларускага народу – гэта розныя рэчы. Польшча лічыць атрыманьне незалежнасьці Беларусьсю адной з найбольш значных падзеяў у нашай сучаснай гісторыі. Адной з найбольш істотных падзеяў адразу пасьля атрыманьня незалежнасьці Польшчай. Мы ставімся да беларускага народу вельмі прыязна і маем пачуцьцё адказнасьці за падтрымку незалежнасьці Беларусі. Таму, калі мы кажам пра неабходнасьць абароны інтарэсаў суседзяў, то гаворка ідзе менавіта пра беларускі народ, а ні ў якім выпадку пра ўлады”.