Увечары 3 сакавіка мне нарэшце ўдалося зьвязацца зь першым сакратаром ЦК БРСМ Міхаілам Ардой. На маю просьбу пракамэнтаваць сытуацыю, што склалася ў суполцы БРСМ баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці спадар Арда адказаў наступным чынам:
(Арда: ) “ Гэта ўсё хлусьня. Усе гэтыя дзеячы – і хартыі, і зубры, і бабры яшчэ раз даказваюць, што яны акрамя хлусьні больш нічым не займаюцца. І выдаюць жаданае за сапраўднае. Самае крыўднае ва ўсім гэтым, што ў сваёй агоніі яны пачынаюць пераходзіць на падлеткаў, і пачынаюць іх падманваць. У Беларусі, сярод людзей, такое ніколі не дазвалялася і не дапускалася. Яны падманулі падлеткаў і вывесілі на сваіх сайтах вось усю гэтую дэзінфармацыю. Гэтую абсалютную правакацыю, якую яны задумалі”.
Паводле Міхаіла Арды, сход сябраў БРСМ баранавіцкага каледжа лёгкай прамысловасьці быў нелегітымны, і падлеткаў проста падманулі запрасіўшы іх быццам бы ўдзельнічаць у непалітычнай арганізацыі, якая займаецца турызмам ды іншымі забаўляльнымі праектамі.
Міхаіл Арда гаворыць, што кіраўніцутва БРСМ успрыняла інфармацыю пра падзеі ў баранавіцкім каледжы спакойна. Ніхто яго і другога сакратара БРСМ Ігара Бузоўскага ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі не выклікаў. Хаця цягам другой паловы дня сакратаркі апарату ЦК гэтай арганізацыі казалі, што спадары Арда і Бузоўскі знаходзяцца менавіта ў прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Міхаіл Арда таксама сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе, што ўдзельнікі сходу БРСМ у баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці, які адбываўся сёньня, абсалютна дэмакратычна зьнялі з пасады старшыні мясцовай суполкі Мікіту Сасіма.