Супрацоўнікі цэнтральнага камітэту БРСМ адмаўляюцца камэнтаваць тое, што адбылося ў Баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці. Маўляў, камэнтары могуць даваць толькі першы й другі сакратары ЦК БРСМ. Аднак зьвязацца зь Міхаілам Ардой ці Ігарам Бузоўскім было немагчыма. Абодвух выклікалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. А вось што сказаў у інтэрвію Беларускай Свабодзе намесьнік кіраўніка камісіі Палаты прадстаўнікоў у справе аховы здароўя, фізычнай культуры, сям’і й моладзі Мікалай Дубовік:
(Дубовік: ) “Я расцэньваю гэта як працу на нізкім узроўні кіраўніцтва гэтай мясцовай арганізацыі. Наша моладзь — гэта людзі, якія прызвычаіліся, каб зь імі лічыліся. Гэта людзі, якіх абяцанкамі нікуды пэўна ж не зацягнеш. Я лічу, што гэта прыватны выпадак, абсалютна не тыповы для гораду Баранавічы. Бо там нармальная моцная моладзевая арганізацыя. А тое, што здарылася, гэта недапрацоўкі лідэраў гэтай мясцовай арганізацыі”.
Прэсавы сакратар руху “Зубр” Алесь Атрошчанкаў мае на гэты конт іншую думку:
(Атрошчанкаў: ) “Безумоўна, гэта вельмі мужны крок з боку гэтых людзей. І гэта натуральны адказ моладзі на ўсе захады ўладаў загнаць іх у “лукамол”. Моладзь сказала сваё слова. Яны паказалі, што нашую беларускую моладзь не купіць бясплатнымі дыскатэкамі ці льготамі на розныя паслугі. Я лічу, што час таталітарызму мінуў, нашая моладзь глынула свабоды. Яна разумее, што гэта такое, і моладзь ня хоча назад у Савецкі Саюз”.
Лідэры “Зубра” спадзяюцца, што іншыя сябры БРСМ возьмуць прыклад са студэнтаў баранавіцкага каледжу.