УЛАДЫ АДМОВІЛІСЯ АД БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫХ АЎТАМАБІЛЬНЫХ НУМАРОЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нумарныя знакі з чырвонымі лічбамі й літарамі на белым фоне хутка адыдуць у нябыт. Напярэдадні дня беларускай міліцыі міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў паведаміў, што чарговая зьмена нумароў у Менску пачнецца ўжо праз два тыдні, калі скончацца запасы нумарных знакаў апошняга ўзору.

Нумарныя знакі з чырвоных лічбаў і літараў на белым тле зьявіліся ў сярэдзіне 1990-х гадоў. На гэтых знаках была зьмешчаная “Пагоня” як дзяржаўны герб. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году, калі быў зьменены герб краіны, пачалі карэктаваць і нумарныя знакі. Замест “Пагоні” на нумарах зьявілася слова “BELARUS”. Паступова гэтыя знакі атрымалі амаль усе аўтамабілі Беларусі, якіх цяпер больш за 2 мільёны 700 тысяч. Цяпер іх зьменяць на новыя. Навошта?

Міністар Уладзімер Навумаў спасылаецца на загад Аляксандра Лукашэнкі, які яшчэ летась распарадзіўся падрыхтаваць новы ўзор нумароў. Паводле міністра, неабходнасьць замены тлумачыцца шэрагам тэхнічных прычынаў, ніяк не зьвязаных з палітыкай. Па-першае, чырвоныя лічбы на белым нібыта горш бачныя, чым чорныя на белым тле. Да таго ж чырвоны колер хутчэй страчвае насычанасьць, ужо цяпер многія нумары ўсё роўна трэба мяняць, бо яны дрэнна бачныя.

І яшчэ навіна — новыя нумары будуць аднолькавыя для ўсіх службаў, улучна зь міліцыяй, якая цяпер езьдзіць з чырвонымі нумарамі, і памежнікамі, якія карыстаюцца зялёнымі нумарамі. Цяпер для ўсіх нумары будуць аднолькавыя — чорныя лічбы і літары на белым тле. На іх зьявіцца дадатковая лічба, якая будзе пазначаць прыналежнасьць аўто да Менску альбо пэўнай вобласьці. Менск будзе пазначаны лічбай 7, Берасьцейская вобласьць — лічбай 1, Віцебская — 2, і гэтак далей паводле альфабэту.

Як успрынялі весткі пра новыя нумары самі ўладальнікі аўтамабіляў? “Мне ўсё роўна”, — часьцей за ўсё адказвалі мне кіроўцы, да якіх я зьвяртаўся з гэтым пытаньнем. Яны пачулі, што спачатку новыя нумары ня будуць абавязковымі, таму асабліва не турбаваліся. Але ўсе ня верылі ў бескарысьлівасьць плянаў новай нумарызацыі.

(Кіроўца: ) “Некаму патрэбныя грошы. Хочуць зарабіць на гэтым. Як вопратку новую ўводзяць міліцэйскую ці вайсковую, чыясьці лапа там бліжэй… Трэба ж бізнэс зрабіць”.

Замена нумароў будзе каштаваць 17 тысяч рублёў. Пакуль гэта рабіць сапраўды неабавязкова, але кожны кіроўца ведае, што падчас чарговага тэхагляду да яго могуць прычапіцца, быццам нумар дрэнна бачны, і прымусіць замяніць. Тады і давядзецца плаціць. Дарэчы, замена нумароў пацягне замену дакумэнтаў на аўтамабіль, а гэта таксама каштуе грошай. Ці будзе хто кампэнсаваць уладальнікам аўтамабіляў гэтыя непазьбежныя страты, у ДАІ пакуль ня ведаюць.

Што да таго, быццам новыя нумары зробяць усіх роўнымі на дарозе, улучна з аўтамабілямі прэзыдэнцкай аўтабазы, у гэта аўтааматары ня вераць:

(Кіроўца: ) “Ніколі гэтага ня будзе. Усё роўна яны сваю прывілею як мелі, гэтак і будуць мець. Паставяць сабе нулі ці адзінкі, якая розьніца. Мігалку на дах — і наперад”.

“Мэрсэдэс” беларускага прэзыдэнта мае нумар 00-01 МІ. Нумары гэтай сэрыі з нулямі на пачатку маюць аўтамабілі першых асобаў адміністрацыі прэзыдэнта, міністры, кіраўнікі абласных выканкамаў. Адметна, што падчас пераходу на бел-чырвона-белыя нумары ДАІ таксама заяўляла, што розьніцы ніхто ня будзе бачыць. Сярод багатых і ўплывовых людзей Беларусі вельмі прэстыжна мець нумар, у якім адна лічба паўтараецца чатыры альбо хаця бы тры разы. Ёсьць зьвесткі, што за атрыманьне такіх нумароў даішнікам даюць вялікі хабар, але наўзамен гэта нібыта дае пэўныя прывілеі на дарозе. Аднак, паводле простых кіроўцаў, замена гэтых нумароў на новыя ня зьнішчыць гэтай сыстэмы прывілеяў, а можа толькі спарадзіць новае хабарніцтва.