ПАДЧАС ВУЧЭНЬНЯЎ ДЗЯЦЕЙ УЗІМКУ ВЫГАНЯЮЦЬ НА ШКОЛЬНЫ ДВОР БЯЗ ВОПРАТКІ

Ганна Соусь, Менск

Напачатку сакавіка ў многіх школах Менску прайшлі вучэньні грамадзянскай абароны. Падчас заняткаў абвяшчалася трывога, і ўсе школьнікі й настаўнікі, не апрануўшыся, тэрмінова выходзілі на двор. Бацькі вучняў былі моцна абураныя гэтымі практыкаваньням. Гаворыць маці вучаніцы адной зь менскіх школаў спадарыня Натальля.

(Натальля: ) “Мы ўсе былі ў шоку. Дзяцей выгналі неапранутых на двор. Мая дачка толькі пасьля хваробы. Гэта проста жах! Калі гэта патрэбна, дык няўжо ў самы мароз гэта трэба рабіць? Можна ж было пачакаць, пакуль цёпла стане. Мне нават незразумела, дзеля чаго гэта ўсё робіцца. Можа, зьвязана з тым, што баяцца, што нас будуць бамбаваць, як Ірак. Я разумею, што гэта ідзе ад улады, а не ад кіраўніцтва школы”.

Спадарыня Натальля адзначае, што гэта ўжо ня першыя вучэньні ў школе, дзе навучаецца яе дачка. Эвакуацыя дзяцей упершыню адбылася летась увесну празь некалькі тыдняў пасьля таго, як пачалася вайна ў Іраку. З таго часу прайшлі ўжо тры вучэньні грамадзянскай абароны. Паводле Натальлі, захады перасьцярогі робяцца таксама з прычыны нядаўніх трагедыяў у Краснапольскай школе й маскоўскім аквапарку.

Як паведаміла Радыё Свабода Аляксандра Ўюнова, дырэктарка 74-й менскай гімназіі, у якой таксама адбываліся вучэньні грамадзянскай абароны, адміністрацыя выконвае распараджэньне Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

(Уюнова: ) “Гэта адзіны дзень, які вызначаецца па лініі грамадзянскай абароны для ўсяго Кастрычніцкага раёну. Праводзіўся ён 1 сакавіка. У нас эвакуацыя вельмі хутка адбылася — за дзьве з паловай хвіліны. Вучні пачатковай школы ў нас апранаюцца, а навучэнцаў сярэдніх і старэйшых клясаў у залежнасьці ад ачагу ўзгараньня могуць вывесьці й у такім выглядзе. Таму што ачаг узгараньня можа быць і ў гардэробе. Натуральна, што з гледзішча здароўя гэта асаблівае пытаньне. Дзеці вельмі аслабленыя. Па-другое, была частка дзяцей пасьля лячэньня, і таму адбыўся пэўны рэзананс”.

Радыё Свабода папрасіла патлумачыць становішча супрацоўніка прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Алега Голубева:

(Голубеў: ) “Вучэньняў, на якіх дзяцей навучаюць правільным дзеяньням, без адпрацоўкі ня зробіш. А калі ў школе здарыцца надзвычайная сытуацыя, дык апранаць дзяцей проста ня будзе часу. Нічога ў гэтым страшнага няма, апроч элемэнтаў фізычнай закалкі. Менавіта навучаньне. І як гаварыў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка на паседжаньні Савету Бясьпекі па гэтых пытаньнях, трэба наладжваць навучаньне менавіта такім чынам. Пакуль сам некалькі разоў не прабяжыш і не зразумееш, што трэба рабіць, то й ня будзеш ведаць. Калі мы будзем да дзяцей ставіцца як да цяплічных расьлінаў, то яны будуць слабець і далей. А па-другое, надзвычайныя сытуацыі здараюцца ня толькі ў цёплы час, а яшчэ й ўзімку”.