Гэты будаўнічы аб’ект віцябляне завуць ня йначай, як “прэзыдэнцкім”, бо летась, у часе “Славянскага базару”, Аляксандар Лукашэнка прыязжаў адчыняць першую чаргу рэканструяванага стадыёну. Завяршыць рэканструкцыю цалкам тады так і не пасьпелі, хаця да ўдзелу ў будаўнічых працах пэрыядычна прыцягвалі ня толькі адмыслоўцаў, але й работнікаў розных віцебскіх прадпрыемстваў ды арганізацыяў.
Будаўніцтва ня скончанае і сёньня, хаця ўсе працы на “прэзыдэнцкім” стадыёне вядуцца надвычай хуткімі тэмпамі ды пільна кантралююцца гарадзкімі ўладамі.
Цягам апошняга часу будаўнікі ладзілі навясны дах над глядацкімі трыбунамі, і сёньняшні няшчасны выпадак здарыўся пры дэмантажы рыштаваньняў: 320 квадратных мэтраў рыштаваньняў абрынуліся з вышыні 20-25 мэтраў. У выніку адзін з будаўнікоў загінуў, двое ў цяжкім стане знаходзяцца ў рэанімацыі, яшчэ чацьвёра атрымалі меньш цяжкія траўмы.
Прычыны здарэньня дасьледуе адмыслова створаны штаб: супрацоўнікі пракуратуры, МНС і дзяржтэхнагляду.