БЕЛАРУСЬ У СПРАВАЗДАЧЫ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША АБ СЫТУАЦЫІ Ў ГАЛІНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў СЬВЕЦЕ

РСЭ/РС

(гл. пачатак)

У справаздачы адзначаецца, што хаця Канстытуцыя Беларусі забясьпечвае права на ўтварэньне асацыяцыяў, улады сур’ёзна абмяжоўваюць яго на практыцы, і найперш гэта тычыцца дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў. Працаўнікам дзяржаўных установаў чыняцца перашкоды ва ўступленьні ў незалежныя прафсаюзы, ёсьць выпадкі, калі чыноўнікі папярэджвалі атрымальнікаў замежных адукацыйных праграмаў не працягваць сувязі з гэтымі праграмамі.

Недзяржаўным арганізацыям забаронена выкарыстоўваць прыватныя кватэры ў якасьці свайго юрыдычнага адрасу. У сьвеце таго, што ўлады кантралююць альбо валодаюць большасьцю офіснымі будынкамі, гэта моцна ўскладніла для недзяржаўных арганізацыяў працэс перарэгістрацыі, якія адбываўся ў 2003 годзе пасьля прыняцьця адпаведных паправак у заканадаўства. Паводле Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, перарэгістрацыю прайшлі толькі 57 працэнтаў няўрадавых арганізацыяў. Акрамя таго, за мінулы год Міністэрства юстыцыі скасавала сваім рашэньнем 51 недзяржаўную арганізацыю, большасьць з якіх актыўна займаліся пабудовай грамадзянскай супольнасьці і абаронай правоў чалавека. Дарэчы, сама Асамблея няўрадавых арганізацыяў атрымала адмову ў рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі, якую потым падтрымаў і Вярхоўны Суд. З найбольш прыкметных ліквідаваных арганізацыяў Дзярждэпартамэнт адзначае праваабарончы цэнтар “Вясна”, Асацыяцыю маладых прадпрымальнікаў, Маладых сацыял-дэмакратаў ды іншых.

Наступны разьдзел справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прысьвечаны свабодзе рэлігіі. Адзначаецца, што 12 чэрвеня прэм’ер-міністар Беларусі і Мітрапаліт Філарэт падпісалі адмысловае пагадненьне (Канкардат) паміж урадам і беларускім Экзархатам рускай праваслаўнай царквы. У дакумэнце, сярод іншага сказана, што урад і праваслаўная царква будуць разам змагацца з неназванымі “псэўдарэлігійнымі структурамі, якія прадстаўляюць пагрозы для асобы і грамадзтва”. Пасьля прыняцьця ў 2002 годзе новага закону аб рэлігійных арганізацыях улады адмаўляліся рэгістраваць рэлігійныя канфэсіі, якія яны назвалі нетрадыцыйнымі. У траўні і чэрвені міліцыя тройчы разганялі сходы крышнаітаў, якія адбываліся на прыватных кватэрах.

У дакумэнце таксама ўзгадваецца пэўная напружанасьць паміж уладамі і гэбрайскай грамадой, якая узьнікла ў выніку будаўнічых працаў на месцах гэбрайскіх пахаваньняў ў Гародні і Магілеве. Прыводзяцца антысэміцкія выказваньня дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна. Выдадзеныя ў Расеі антысэміцкія выданьні адкрыта прадаюцца ў менскай кінігарні “Праваслаўная кніга”. 27 жніўня невядомыя вандалы кінулі бутэльку з кактэйлям Молатава ў дзьверы Менскай сынагогі.

На працягу году неаднаразова штрафаваліся Крышнаіты, а таксама прадстаўнікі некаторых пратэстанцкіх цэркваў за незаконнае распаўсюджваньне рэлігійнай літаратуры і за правядзеньне рэлігійных службаў. Замежным місіянэрам не дазваляецца удзельнічаць у рэлігійнай дзейнасьці па-за межамі тых арганізацыяў, якія іх запрашаюць. У Беларусі таксама няма аніякай заканадаўчай базы для рэстытуцыі рэлігійнай уласнасьці, калісьці адабранай у царквы Савецкай уладай. Урадавыя сродкі масавай інфармацыі часта называюць нетрадыцыйныя канфэсіі, такія як эвангелісты і баптысты, сектамі.

Наступная частка справаздачы прысьвечаная свабодзе перасоўваньня ўнутры краіны, выезду за мяжу, эміграцыі і рэпатрыяцыі.

У Беларусі заканадаўча не абмяжоўваецца права на выезд за мяжу і эміграцыю, аднак у Беларусі існуе практыка адпаведнага штампу ў пашпарце, які дае дазвол на выезд. Як адзначаецца ў справаздачы, у некаторых выпадках улады зацягвалі выдачу гэтага дазволу, каб прадухіліць замежныя паездкі апазыцыйных актывістаў. За мінулы год 63 замежнікі атрымалі ў Беларусі статус уцекача.

Трэці разьдзел справаздачы Дзярждэпартамэнту прысьвечаны палітычным правам грамадзянаў. Выбары ў мясцовыя Саветы, якія прайшлі 2 сакавіка, не былі ані свабоднымі, ані справядлівымі. Сярод трынаццаці тысячаў сябраў выбарчых камісіяў толькі каля 30 чалавек прадстаўлялі апазыцыйныя партыі. Каля 14 працэнтаў выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова, на працягу 4 дзён да даты выбараў. На выбары не былі запрошаныя міжнародныя назіральнікі, улады часта перашкаджалі ажыцьцяўляць свае функцыі мясцовым назіральнікам. Многія апазыцыйныя кандыдаты не былі зарэгістраваныя, некаторыя зь іх былі звольненыя з працы.

27 сакавіка прэзыдэнт Лукашэнка абвясьціў плян увядзеньня дзяржаўнай ідэалёгіі. Улады заснавалі інфармацыйныя і прапагандысцкія групы, якія павінны праводзіць ідэалягічныя інструкцыі ў працоўных калектывах.

У чацьвертай частцы справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША гаворка йдзе пра стаўленьне дзяржаўных органаў да міжнародных і незалежных дасьледаваньняў парушэньняў правоў чалавека. Аўтары справаздачы адзначаюць, што ў Беларусі актыўна дзейнічаюць некалькі незалежных арганізацыяў, але іхным намаганьням перашкаджаюць афіцыйныя структуры. Вядзецца маніторынг карэспандэнцыі недзяржаўных праваабаронцаў, а таксама запісваюцца іх тэлефонныя размовы. Афіцыйныя асобы ігнаруюць незалежныя структуры й адмаўляюцца сустракацца зь іхнымі прадстаўнікамі. Цягам апошняга году былі закрытыя некалькі недзяржаўных дасьледчых і праваабарончых цэнтраў. Адзначаецца, што дзеяньні ўладаў былі скіраваныя супраць тых арганізацыяў, якія займаюцца маніторынгам выбараў. Так, 28 кастрычніка Вярхоўным Судом быў закрыты цэнтар “Вясна”, які аўтары справаздачы называюць адной з найбольш уплывовых арганізацыяў. У справаздачы далей узгадваюцца Беларускі Гельсынскі камітэт, гомельская арганізацыя “Грамадзянская ініцыятыва”, гарадзенская “Ратуша” ды шэраг іншых недзяржаўных арганізацыяў Беларусі, якія атрымалі папярэджаньні або былі закрытыя пасьля рашэньняў судоў.

Дзярждэпартамэнт зьвяртае ўвагу на меркаваньне незалежных назіральнікаў, паводле якіх усе гэтыя дзеяньні афіцыйных уладаў і рашэньні судоў былі палітычна матываваныя. 17 сьнежня, адзначаецца ў справаздачы, быў падпісаны дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога будзе перасьледавацца дзейнасьці фізычных асобаў на карысьць незарэгістраваных недзяржаўных аб’яднаньняў. Сродкам масавай інфармацыі было забаронена распаўсюджваць інфармацыю аб незарэгістраваных арганізацыях.

Без увагі Дзярждэпартамэнту не застаўся таксама візыт прадстаўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса ў Беларусь. Хрыстас Пургурыдэс рыхтаваў спэцыяльную справаздачу што да зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага. Некалькі сустрэчаў Хрыстаса Пургурыдэса з афіцыйнымі асобамі былі скасаваныя пасьля таго, як афіцыйныя асобы атрымалі праект ягонай справаздачы, які быў крытычным у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

У пятым разьдзеле справаздачы гаворка йдзе пра дыскрымінацыю паводле расы, полу, мовы або сацыяльнага статусу. Адзначаецца, што насуперак канстытуцыйным гарантыям роўнасьці ў Беларусі назіраецца дыскрымінацыя, напрыклад, жанчынаў або хворых на СНІД. Асобна закранаецца праблема роўнасьці нацыянальных меншасьцяў. Дзярждэпартамэнт зьвяртае ўвагу на тое, што дзяржаўныя ворганы перасьледавалі тых, хто размаўляў па-беларуску. Толькі 11 з 242 менскіх школаў вядуць навучаньне па-беларуску, у абласных цэнтрах няроўнасьць у мовах навучаньня яшчэ больш яскравая. У Беларусі было зафіксавана некалькі выпадкаў нападаў скінгедаў на замежнікаў.

Шостая частка прысьвечаная правам працоўных. Аўтары справаздачы падрабязна пералічваюць зафіксаваныя парушэньні, напрыклад, права на асацыяцыі. Сярод такіх парушэньняў адзначаюцца, напрыклад, арышты кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў, канфіскацыя матэрыялаў, ціск на лідэраў незалежных прафсаюзаў з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і дзяржаўных уладаў.

Асобная частка справаздачы прысьвечаная незаконнаму гандлю людзьмі. На думку аўтараў гэты гандаль стаў сур’ёзнай праблемай. Няма доказаў удзелу афіцыйных асобаў у гэтым гандлі, аднак, як падкрэсьліваюць аўтары, такі ўдзел нельга выключыць у сувязі з карупцыяй ў паліцыі ды іншых дзяржаўных структурах.