БЕЛАРУСКІЯ ФЭРМЭРЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ПАЛІТЫКІ ДЫСКРЫМІНАЦЫІ

Міхал Стэльмак, Менск

Удзел у двухдзённым зьезьдзе бяруць звыш трохсот фэрмэраў з усіх куткоў краіны. Як зазначыў з трыбуны форуму старшыня грамадзкага аб’яднаньня фэрмэраў Канстанцін Ярмоленка, усяго ў краіне каля дзьвюх з паловай тысяч аднаасобнікаў. У параўнаньні з сельгаскаапэратывамі, як афіцыйна называюцца цяпер калгасы і саўгасы, фэрмэры, паводле ягоных словаў, паказалі сябе як больш канкурэнтаздольныя сельгасвытворцы. Між тым цяперашняя палітыка дзяржавы, як падкрэсьліў спадар Ярмоленка, мае дыскрымінацыйны характар у дачыненьні да фэрмераў:

(Ярмоленка: ) “Мы ня хочам для сябе ніякіх ільготаў. Мы хочам роўных умоваў з калгасамі і саўгасамі. На жаль, іх існаваньне ў будучым – большай часткі – праблематычнае. Але яны дасюль атрымліваюць значную дзяржаўную падтрымку.А вось фэрмэр зь ягонымі патэнцыйнымі магчымасьцямі, з разуменьнем ягонага месца й ролі на аграрным рынку, гэтай дапамогі не атрымлівае. У зьвязку з гэтым паўстае шэраг пытаньняў – чаму так адбываецца?”

Уладу на фэрмэрскім зьезьдзе прадстаўляла першая намесьніца міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Надзея Каткавец. Яна заклікала фэрмэраў не драматызаваць становішча:

(Каткавец: ) “Разьмеркаваньне фонду. Дай грошы. Дапамажы. Ёсьць сёньня ў рэспубліцы каму дапамагаць. Бяздомным, калекам, дзецям, інвалідам. А што такое дапамагаць здаровым, моцным людзям?! Тым больш “мужыкам”?!

(Фэрмэр: ) “А чаму дапамагаеце калгасам? Ім не дапамагайце – і мы прасіць ня будзем”.

(Каткавец: ) “Паважаныя! Я нікога не перапыняла. Паважайце! Вы мяне бачыце ўпершыню. Навошта вы так?”

Пазыцыя прадстаўніцы Мінсельгасхарчу выклікала непаразуменьне бальшыні фэрмэраў. Спадарыня Каткавец ня здолела патлумачыць, чаму аднаасобнікі ня могуць сёньня набыць зямлю, якая ў грамадзкім сэктары зарастае пустазельлем. У прыватнасьці, вось што паведаміла фэрмэрка Ларыса Зайцава з Магілёўскага раёну:

(Зайцава: ) “Дзесяць гадоў мы працуем. Зямля знаходзіцца ў 15 кілямэтрах ад дому. Каб займацца гароднінай, трэба, каб усё было пад рукою, бліжэй. І вось не прабіваецца сьцяна, каб узяць зямлю. Хаця зямля пустуе. І зарастае лесам”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў вас зараз зямлі і колькі хочаце ўзяць?”

(Зайцава: ) “Сто гектараў. Яшчэ б узялі гектараў пяцьдзесят. Але бліжэй. Мы хацелі б сваю фэрму закласьці. Хацелі б займацца жывёлагадоўляй. Але ўсё тармозіць адсутнасьць зямлі, недахоп пашаў. Навошта гэта робіцца?”

18-гадовы Андрэй Корсак з Маладэчанскага раёну – наймаладзейшы ўдзельнік фэрмэрскага зьезду. Гаспадарыць на зямлі ён вучыцца ў бацькі, таксама фэрмэра. Аднак ужо на пачатку самастойнага шляху Андрэй сутыкаецца з парадкамі, якія, паводле ягоных словаў, замінаюць вытворчай працы на фэрмэрскіх палетках:

(Корсак: ) “Сёлета вельмі кепска, што не разьлічваюць. Цяжка. Вырасьціш, а потым думаеш, дзе гэта падзець. Каму аддаць. Каб табе грошы вярнулі своечасова”.

(Карэспандэнт: ) “Што больш пэрспэктыўна: фэрмэры ці калгасы?”

(Корсак: ) “Вядома, фэрмэры. Калгасы сёньня неэфэктыўныя. У калгасе няма гаспадара. А фэрмэр – гэта гаспадар. Ён глядзіць, каб можна было дасягнуць большага ўраджаю, напрыклад. А ў калгасе ня тое. Напрыклад, каля нашага поля ёсьць калгаснае поле. Летась было так, што пайшоў ужо пяты год, як яны сеюць ячмень па ячмяні. Які там будзе ўраджай? Ніякага. І калгасы сёньня стратныя. Толькі грошы ў іх “бухаюць” без карысьці”.