Чысьцільшчык застаецца чысьцільшчыкам і ў гэтай якасьці працягвае набіраць усё больш пунктаў у вачох сваіх землякоў. Своечасова, за некалькі месяцаў да парлямэнцкіх выбараў, ізаляваны ад міжнароднай супольнасьці Лукашэнка імкнецца рэстаўраваць некалькі пашкоджаны імідж пасьлядоўнага барацьбіта з карупцыяй.
У лютым ён накіраваў у адстаўку сваіх колішніх адданых паплечнікаў. Гэтым разам былі звольненыя кіраўніца прэзыдэнцкімі справамі, шэф дзяржтэлерадыё, намесьнік міністра ўнутраных справаў. Да крымінальных справаў некаторых нават далучаны КГБ.
Што да сапраўдных апанэнтаў рэжыму, дык яны тым больш у полі ўвагі беларускага прэзыдэнта. Як піша аўстрыйскае выданьне, абвешчаны Лукашэнкам жорсткі кантроль над палітычнымі партыямі, няўрадавымі арганізацыямі, прафсаюзамі мае на мэце істотна зьменшыць шанцы апазыцыі ў часе будучай выбарчай кампаніі. Свой адмысловы загад на адрас міністэрства юстыцыі беларускі лідэр аргумэнтаваў наступнымі словамі: цяпер такі кантроль надзвычай важны.
Яшчэ летась, да гэтага загаду, міністэрства юстыцыі паводле розных фармальных прычынаў спыніла існаваньне дзясяткаў няўрадавых арганізацыяў, сярод якіх такія вядомыя, як “Ратуша” ў Горадні, “Грамадзянскія ініцыятывы” ў Гомелі, “Контур” у Віцебску ды іншыя.
Аўстрыскае выданьне Die Presse ўзгадвае некаторыя іншыя захады Лукашэнкі ў дачыненьні да тых, хто дазваляў сабе крытыку на ягоны адрас.
У 1996 годзе беларускі кіраўнік распусьціў законна абраны парлямэнт і прызначыў новы, з дапамогай якога працягнуў свае паўнамоцтвы на два гады. Напрыканцы 90-х апазыцыйныя палітыкі пачалі фізычна зьнікаць. Тым ня менш шматлікія паведамленьні пра дзяржаўныя эскадроны сьмерці ды зьдзяйсьненьне імі гэтых злачынстваў, Лукашэнка называе правакацыяй.
Як піша Die Presse, крытыка на адрас рэжыму з боку Захаду не зьяўляецца эфэктыўнай. Лукашэнка й надалей працягвае закручваць гайкі. Моцны ціск рэжыму адчуваваюць ня толькі палітыкі, грамадзкія дзеячы, але й незалежныя медыі. Калі паўторыцца сытуацыя 2000 году і палова дэзінтэграванай апазыцыі будзе байкатаваць сёлетнія парлямэнцкія выбары, з праціўнікаў Лукашэнкі ў труну пойдуць прадстаўнікі партыйнага блёку “5+”. Свае подпісы пад міжпартыйным пагадненьнем паставілі як камуністы ад ПКБ, так і кансэрватары ад АГП. Пакуль што свайго стаўленьня да супрацоўніцтва з гэтай пяцёркай так і не выказаў прадстаўнік парлямэнцкай апазыцыі, былы вайсковы генэрал Валеры Фралоў – паводле Die Presse, адзіны магчымы канкурэнт Лукашэнку.