ЧЫМ АДМЕТНАЯ СЫСТЭМА БЯСЬПЕКІ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Заўчасная сьмерць прэзыдэнта Македоніі Барыса Трайкоўскага ў авіякатастрофе прымусіць шмат каго з кіраўнікоў дзяржаваў праверыць ці нават перагледзець захады сваёй бясьпекі. А чым адметная сыстэма бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі?

Амаль штодзень рух ў цэнтры Менску спыняецца чатыры разы на 10 хвілінаў. Дарогу вызваляюць для 600-га “мэрсэдэсу” з прэзыдэнцкім штандартам над капотам, які імчыць па праспэкце Машэрава з хуткасьцю гоначнага аўтамабіля. Чаму так хутка? Яшчэ напачатку сваёй прэзыдэнцкай кар’еры Аляксандар Лукашэнка падзяліўся з журналістамі адкрытым яму адмыслоўцамі сакрэтам – што найперш хуткасьць, а ўжо потым браня аўтамабіля гарантуюць бясьпеку ягоных пасажыраў. Але Лукашэнкаў “мэрсэдэс” вызначаецца ня толькі хуткасьцю. Ён мае браніраваны корпус, куленепрабівальнае шкло й днішча, здольнае вытрымаць звышмоцную міну. Паводле зьвестак, каштуе такі “мэрсэдэс” больш за 300 тысячаў даляраў, і гэта не адзіны аўтамабіль, які служыць беларускаму кіраўніку. Некалькі разоў Аляксандра Лукашэнку бачылі за рулём чорнага “Ягуара”, які лічыцца адной з самых дарагіх мадэляў.

У паездках па Менску й Беларусі аўтамабіль кіраўніка дзяржавы суправаджаюць прынамсі тры машыны аховы ды некалькі аўтамабіляў ДАІ. Ахоўнікі езьдзяць на “джыпах”, а даішнікі на даўгіх “фордах”, якія можна пабачыць у амэрыканскіх фільмах пра мафію і паліцэйскіх. Тры гады з адным такім аўтамабілем адбыўся інцыдэнт на плошчы Свабоды ў Менску. За некалькі сэкундаў да праезду прэзыдэнцкага “мэрсэдэсу” “форд” суправаджэньня сутыкнуўся з аўтамабілем бармэна рэстарану “Крыніца”, які выехаў на праспэкт Машэрава. Аўтамабіль бармэна быў разьбіты ўшчэнт, але яму так і не дапамаглі з рамонтам.

“Хай радуецца, што яшчэ жывы застаўся” – перадалі небараку-бармэну, калі ён спрабаваў скардзіцца. Аказваецца, кіроўцам машынаў суправаджэньня дазволена тараніць любыя аўтамабілі, якія трапляюцца на іх шляху, і яны пазбаўленыя адказнасьці за магчымую сьмерць людзей у гэтых аўтамабілях.

Аўтамабілям Алякандра Лукашэнкі на дарогах краіны заўсёды шанцавала, а вось з прэзыдэнцкім авіатранспартам была як мінімум адна асечка.
Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір згадвае пра сярэдзіну 90-х гадоў.

(Чыгір:) “Быў такі выпадак, што самалёт з Аляксандрам Рыгоравічам з-за тэхнічных непаладак мусіў разьвярнуцца дадому. Гэта быў той самалёт, на якім Кебіч лятаў. Потым яго замянілі, купілі новы самалёт”.

Прэзыдэнцкі “Ту-154”, які абслугоўвае зараз Аляксандра Лукашэнку, лічыцца надзейнай і добрай машынай, але й ён ўжо не задавальняе кіраўніка Беларусі. Нядаўна стала вядома, што для яго ўжо куплены “Боінг-737” коштам некалькі мільёнаў даляраў. З амэрыканскага гораду Сыэтл, дзе зьбіраюць “Боінгі”, ён пераляціць у Данію для адмысловага абсталяваньня рознай тэхнікай, неабходнай менавіта прэзыдэнцкаму самалёту.

Сьцьвярджаецца, што бясьпека гэтага самалёту будзе найвышэйшай. Дарэчы, гэта ня першая спроба Аляксандра Лукашэнкі перасесьці з “тушкі” на больш прэстыжную авіямадэль. Крыніцы сьцьвярджаюць, што некалькі гадоў таму ў Расеі быў закуплена “Іл”, падобны да таго, на якім лятае Ўладзімер Пуцін. Нібыта гэты самалёт нават пачалі пераабсталёўваць на менскім авіярамонтным заводзе, але потым ад яго адмовіліся. Аднак зь якой прычыны беларускі кіраўнік аддаў перавагу больш дарагому амэрыканскаму ляйнэру – невядома.